Палац шлюбаў і новая вясельная прымета з'явяцца ў Віцебску

24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Палац шлюбу з'явіцца ў Віцебску. Даручэнне аб яго праектаванні і будаўніцтве гарадскім уладам даў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, знаёмячыся з працай аддзела ЗАГС Віцебскага гарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На жаль, у абласным цэнтры да гэтага часу няма спецыялізаванага будынка для правядзення ўрачыстай цырымоніі шлюбу. Рэгістрацыя праводзіцца ў аддзеле ЗАГС гарвыканкама, які знаходзіцца на першым паверсе жылога дома. Нязручнасць гэтага адзначаюць як самі супрацоўнікі аддзела, так і маладыя. Палац шлюбу будзе пабудаваны ў Віцебску на плошчы Тысячагоддзя на беразе Заходняй Дзвіны недалёка ад Благавешчанскага храма. Месца гэта выбрана не выпадкова. Паводле падання, у гэтым храме з полацкай князёўнай вянчаўся князь Аляксандр Неўскі. Цяпер у Віцебску ідзе праца над стварэннем помніка князю, яго жонцы і сыну, які таксама будзе ўстаноўлены недалёка ад храма і будучага Палаца шлюбу. На думку губернатара, побач з палацам неабходна стварыць развітую сетку паслуг: ад рэстарана і гасцініцы да салонаў прыгажосці і фотаатэлье. "А наведванне помніка Аляксандру Неўскаму і яго жонцы з сынам можа пакласці пачатак нейкай добрай прымеце, звязанай з сямейным дабрабытам", - лічыць старшыня аблвыканкама. Праект віцебскага Палаца шлюбу даручана выканаць "Віцебскграмадзянпраекту". -0-