«Дзякуй» - Віцебскія дэсантнікі падзякавалі медыкам за працу
Ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады правялі сёння ў сваім злучэнні акцыю ў падтрымку беларускіх медыкаў. Салдаты, стоячы на плацу, трымалі ў руках лісткі са словам "дзякуй", якое некалькі разоў выкрыкнулі дэсантнікі.
Намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай рабоце гвардыі падпалкоўнік Дзяніс Крывянцоў распавёў, што такой акцыяй салдаты ад імя камандавання і асабістага складу сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі выказалі ўдзячнасць медыкам за іх працу. "Ваеннаслужачыя па навінах сочаць за абстаноўкай у краіне. Прыемна, што наша грамадства аб'ядналася для процістаяння праблеме. Кожны ў сваім напрамку стараецца дапамагчы, і мы таксама вырашылі падтрымаць медыцынскіх работнікаў у іх нялёгкай справе", - сказаў Дзяніс Крывянцоў.
Па яго словах, у паветрана-дэсантнай брыгадзе прымаюць неабходныя меры па прафілактыцы інфекцый, два разы на суткі вымяраюць тэмпературу.
Па ўсёй краіне бізнес і грамадскія арганізацыі падключыліся да дапамогі медыкам. Некаторыя перадаюць ім сродкі індывідуальнай абароны, кафэ прывозяць бясплатныя абеды.