ЕАБР прыступіў да фінансавання будаўніцтва Полацкай ГЭС

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) перавёў першы транш у памеры $27,9 млн на будаўніцтва Полацкай ГЭС. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе банка. Крэдытны дагавор паміж ЕАБР і РУП "Віцебскэнерго" аб фінансаванні праекта быў падпісаны ў лістападзе мінулага года. Праект прадугледжвае будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на рацэ Заходняя Дзвіна ўстаноўленай электрычнай магутнасцю 21,75 МВт. Штогадовая выпрацоўка станцыяй электраэнергіі складзе 112 млн. кВт.г. Агульны кошт праекта - $142,7 млн. Аб'ём фінансавання з боку ЕАБР - $99,8 млн. Тэрмін дзеяння крэдытнага дагавора - 10 гадоў. Забеспячэннем па крэдыце з'яўляецца дзяржаўная гарантыя Рэспублікі Беларусь. Праект ажыццяўляе РУП "Віцебскэнерго", якое з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком электраэнергіі на тэрыторыі рэспублікі. На долю прадпрыемства прыпадае да 40% генерацыі электраэнергіі. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з'яўляецца расійскае ААТ "ВА "Тэхнапрамэкспарт" - адна з вядучых у свеце кампаній, якія спецыялізуюцца на будаўніцтве энергетычных аб'ектаў. Крэдыт ЕАБР будзе накіраваны на фінансаванне комплекснага будаўніцтва гідравузла Полацкай ГЭС, уключаючы праектаванне, будаўніцтва, пастаўку абсталявання, запасных частак, мантаж, пусканаладачныя работы, выпрабаванні, здачу аб'екта ў эксплуатацыю, навучанне персаналу. Асноўнай мэтай рэалізацыі праекта з'яўляецца павышэнне энергетычнай бяспекі Беларусі за кошт уцягвання ў паліўна-энергетычны баланс мясцовых аднаўляльных энергетычных рэсурсаў. Ажыццяўленне праекта будзе спрыяць зніжэнню сабекошту вытворчасці электраэнергіі, дазволіць дасягнуць эканоміі арганічнага паліва на ўзроўні 35,1 тыс.т у год. Еўразійскі банк развіцця з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Статутны капітал ЕАБР перавышае $1,5 млрд. Дзяржавамі-ўдзельніцамі банка з'яўляюцца Расія, Казахстан, Беларусь, Таджыкістан і Арменія.-0-