Адзіная база даных аб дзецях у сацыяльна небяспечным становішчы створана ў Віцебскай вобласці
29 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Стварэнне адзінай базы даных дазволіла дадаткова выявіць у Віцебскай вобласці 280 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аб гэтым паведаміла сёння на пасяджэнні абласнога каардынацыйнага савета намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Тамара Аляхновіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У базу ўвайшлі даныя, прадастаўленыя не толькі аддзеламі адукацыі, раённымі аддзеламі міліцыі і камісіямі па справах непаўналетніх, але і звесткі, якія паступілі ад супрацоўнікаў МНС, медыцынскіх работнікаў, якія бываюць у сем'ях. Як падкрэсліла Тамара Аляхновіч, "гэтыя даныя не павінны палохаць, бо наша задача - выявіць усіх дзяцей і дапамагчы ім і іх бацькам".
Паводле даных абласной камісіі, на 1 сакавіка ў рэгіёне 3398 дзяцей знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. З моманту ўступлення ў сілу дэкрэта №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем'ях" 1958 дзяцей былі прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, з іх 60% вярнуліся ў біялагічныя сем'і.
У вобласці асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы сямейнай неспрыяльнасці. Разам з педагогамі, праваахоўнымі органамі, органамі апекі і папячыцельства, камісіямі па справах непаўналетніх у гэту працу ўключыліся медыкі. Яны першымі са знешніх прадстаўнікоў дзяржаўных структур прыходзяць у сем'і, ажыццяўляючы патранат над немаўлятамі. Калі факты неспрыяльнасці маюць месца, то да працы з гэтай сям'ёй падключаюцца органы апекі і папячыцельства і камісіі па справах непаўналетніх, растлумачыла схему прафілактыкі, якая дзейнічае ў Віцебскай вобласці, Тамара Аляхновіч. -0-