Адзіная ў Віцебскай вобласці жанчына-кіраўнік Следчага камітэта працуе ў Гарадку

Единственная в Витебской области женщина-руководитель Следственного комитета работает в Городке

Гледзячы на гэту прыязную, чароўную жанчыну, складана ўявіць, што яна ўзначальвае Гарадоцкі раённы аддзел Следчага камітэта. Пасада Ірыны Львовай (дарэчы, яна адзіная жанчына-кіраўнік у гэтай структуры ў вобласці) патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі, жалезной вытрымкі і валявога характару.

У следства Ірына Уладзіміраўна трапіла не выпадкова: бацька працаваў у міліцыі, так што яна не па чутках ведала, што такое закон і парадак. Але некаторы час, скончыўшы з адзнакай мясцовы каледж па спецыяльнасці «Правазнаўства», а затым БДУ, працавала інспектарам па кадрах і юрысконсультам у гаспадарках раёна. Прызнаецца, што сваю працу, якая дала вялікую практыку, вельмі любіла. Калі паступіла прапанова стаць следчым, Ірына задумалася. Па-першае, ведала, што гэта сур'ёзная і напружаная праца. Але з другога боку, прыцягвала рамантыка. Увогуле, вырашыла паспрабаваць, і пачаўся новы адлік, які зусім незаўважна падзяліў жыццё на «да» і «пасля».

– Несумненна, прафесія накладвае свой адбітак, — прызнаецца жанчына ў пагонах. — Я пра гэта не думала, пакуль аднойчы на вечары сустрэчы выпускнікоў не пачула ў свой адрас: «Мы цябе, Ірына, такой не ведалі…» І тут я зразумела, што сапраўды моцна змянілася. Стала сур'ёзней, больш строгай, на многія рэчы я пачала глядзець па-іншаму. А як інакш? Я чалавек дзяржаўны, што да многага абавязвае. У мяне ў падпарадкаванні 15 чалавек, я ўпэўнена ў кожным з іх.

Існуе меркаванне, што пагоны — атрыбут, больш прыдатны для мужчын, але Ірына Львова з гэтым не згодная. У аддзеле працуюць дзве жанчыны, якія ні ў чым не саступаюць прадстаўнікам моцнага полу. Яны старанныя, уважлівыя, але пры гэтым застаюцца жанчынамі. Ірына Уладзіміраўна разумее, што ў чымсьці супрацоўніцам даводзіцца складаней, чым мужчынам: усё ж такі па прыродзе сваёй жанчына больш думае пра дзяцей і сям'ю. Ёй самой у першыя гады працы давялося нялёгка — калі хварэла маленькая дачка, трэба было старацца ўсюды паспяваць. Узброіўшыся друкарскай машынкай і стараючыся не разбудзіць спячае дзіця, засіжвалася дапазна. На шчасце, з боку родных заўсёды была падтрымка. Муж, які працаваў суткамі, выхадныя дні абавязкова праводзіў з дачкой. Цяпер яна ўжо дарослая, скончыла юрыдычны факультэт і плануе займацца адвакацкай дзейнасцю.

Як распавяла Ірына Уладзіміраўна, прысвяціць сябе следчай працы можа не кожны, таму выпадковыя людзі, як правіла, не затрымліваюцца. Костяк каманды складаюць тыя, хто любіць і цэніць сваю працу, якая вучыць пралічваць сітуацыю на некалькі крокаў наперад, кантраляваць эмоцыі. А калі з'яўляюцца першыя вынікі, хочацца не спыняцца на дасягнутым. Калі чалавек заняты любімай справай, час хутка бяжыць. Вось і ў нашай гераіні ўжо амаль дваццаць гадоў выслугі.

У 2014-м указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за узорнае выкананне службовых абавязкаў Ірына Львова была ўзнагароджана медалём «За бездакорную службу» III ступені. Сёлета ёй прысуджана ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». «Вельмі прыемна, што мой праца адзначана. Але ў гэтым заслуга ўсяго калектыву. У 2012—2013 гадах мы былі прызнаны лепшым аддзелам у структуры Віцебшчыны. Служым на сумленне, з вялікай самааддачай і разам дабіваемся вынікаў. Я шчаслівая, што побач са мной такія дасведчаныя і адказныя людзі, а таксама ўдзячная блізкім, якія з разуменнем аднесліся да майго выбару», — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.

Таццяна Серабракова, "Віцебскія весці"