Эфектыўнасць працы сельсаветаў абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы ў Шумілінскім раёне
На сустрэчы дэпутатаў раённага і сельсаветаў са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым чырвонай ніткай праходзіла тэма ўнясення змяненняў у пяты раздзел Канстытуцыі Беларусі, які датычыцца мясцовага кіравання і самакіравання. Напярэдадні ў сельсаветах праводзіліся сустрэчы з выбаршчыкамі, на пасяджэннях каардынацыйных саветаў падводзіліся вынікі, таму кіраўнікам сельсаветаў было што прапанаваць і абмеркаваць на больш высокім узроўні.
Дыскусія вялася ў форме актыўнага адкрытага дыялогу з аргументацыяй прапаноў і заўваг. Вострае пытанне – эфектыўнасць працы сельскіх Саветаў дэпутатаў. Ці патрэбны гэты орган мясцовага кіравання, ці ён ужо зжыў сябе і варта замяніць яго іншым, выбраць іншыя формы працы з насельніцтвам і ўладай? Праводзіць Ці выбары старшынь сельсаветаў, ці іх павінен прызначаць кіраўнік раёна? Большасць выступаючых адзначылі, што інстытут сельсаветаў патрэбны, ён з'яўляецца пасрэднікам паміж насельніцтвам і кіраўніцтвам раёна, вобласці. На месцах заўсёды прасцей і хутчэй разабрацца з патрэбамі і праблемамі грамадзян. І для вырашэння гэтых пытанняў хацелася б мець уласны напоўнены бюджэт, каб накіроўваць сродкі на паляпшэнне жыццезабеспячэння людзей.
Што тычыцца формы атрымання пасады, то меркаванне большасці такое: трэба праводзіць выбары старшынь сельсаветаў, а не прызначаць іх. У якасці асноўнага доваду – больш высокі давер насельніцтва таму кандыдату, які абраны імі. У той жа час на кіраўніка сельсавета кладзецца і падвышаная адказнасць: як асабістая, так і грамадская.
І яшчэ адзін момант абмеркавання на дыялогавай пляцоўцы быў звязаны з выбарамі. Шумілінцы прапанавалі праводзіць іх у адзін дзень – як мясцовага ўзроўню, так і рэспубліканскага: для эканоміі бюджэтных сродкаў і зручнасці грамадзян.
Таксама прысутныя выступілі за захаванне аднаасобных органаў тэрытарыяльнага самакіравання, якія ў Шумілінскім раёне прадстаўлены старастамі населеных пунктаў. На іх карысць сведчыць тое, што яны жывуць у вёсках, сёлах, ведаюць людзей, іх праблемы, вядуць індывідуальную працу з кожным. У буйных населеных пунктах гэту структуру варта пашырыць, бо адзін чалавек не справіцца. Напрыклад, можна стварыць вулічныя і дамавыя камітэты. Гэта дазволіць больш адрасна і мэтанакіравана займацца пытаннямі добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі.
У Шумілінскім раёне ўжо ёсць прыклады асабістай ініцыятывы грамадзян па паляпшэнні стану сваіх двароў. Яны супольна праводзяць рамонт, добраўпарадкаванне, азеляненне, уладкоўваюць дзіцячыя пляцоўкі, зоны адпачынку для людзей сталага ўзросту.
– Гэта дапамагае аб'яднаць грамадзян, накіраваць іх сілы і энергію на стварэнне, – адзначыла старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Пры гэтым пажадана прыцягваць актыўных вяскоўцаў і да добраўпарадкавання паркавых зон, месцаў пахавання воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падобныя справы служаць яднанню і згуртаванню.
Акрамя таго, на сустрэчы дэпутатаў рознага ўзроўню абмеркавалі і пытанне неабходнасці захавання раённага дэпутацкага корпуса. Прысутныя былі аднадушныя ў меркаванні, што гэты інстытут улады трэба пакінуць.
Абмеркаванне ўзнятых на дыялогавай пляцоўцы тэм паказала, што трэба развіваць і ўдасканальваць працу органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Варта актыўна прыцягваць да вырашэння некаторых пытанняў насельніцтва, у прыватнасці, у справе навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання асабістых падворкаў і прыдамавых тэрыторый.