Ягор Сіліч з Віцебска стаў чэмпіёнам свету па шахматах сярод школьнікаў

Навучэнец сярэдняй школы №30 Віцебска Ягор Сіліч стаў чэмпіёнам свету па шахматах сярод школьнікаў ва ўзроставай катэгорыі да 13 гадоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі шахмат.

Чэмпіянат свету па шахматах сярод школьнікаў прайшоў у Анталіі (Турцыя). У групе юнакоў да 13 гадоў, у якой спаборнічалі 37 удзельнікаў з 14 краін, Ягор Сіліч стаў пераможцам.

13-гадовы хлопец згуляў дзевяць партый, у шасці з іх атрымаў перамогу, дзве згуляў унічыю, у адной саступіў. У выніку навучэнец набраў сем ачкоў з дзевяці магчымых.

Ягора Сіліча цяпер трэніруе Андрэй Кавалёў, таксама ён з'яўляецца выхаванцам Міхаіла Паўлуэктава і Аляксандра Сарбая.

Сёлета Ягор стаў чэмпіёнам Беларусі сярод юнакоў да 16 гадоў, у жніўні ў Браціславе (Славакія) ён прадставіць Беларусь на чэмпіянаце Еўропы па шахматах сярод юнакоў.

"Віцебскія весці".