Экіпаж мінчаніна Юрыя Грышчанкова перамог у абсалютным заліку Кубка Беларусі па ралі-спрынт

14 верасня, Мінск /Кацярына Жыляніна - БЕЛТА/. Экіпаж Юрый Грышчанкоў-Дзяніс Равяка выйграў Кубак Беларусі па ралі-спрынт "Лепель-2009" у абсалютным заліку і ў класе Б-12. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар камітэта пазадарожных спаборніцтваў Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Даніла Даўгялаў. Гоншчыкі з Мінска выступалі на Subaru Impreza і па выніках чатырох спецучасткаў забяспечылі сабе 1 хвіліну запасу. У заліку Б-11 не было роўных літоўцам Вілмантасу Пупіусу і Гедзімінасу Рачасу, якія выступалі на Renault Clio. У класе Б-10 упэўненую перамогу атрымалі мінчане Аляксей Вашкевіч-Алег Вабішчэвіч, на Opel Kadett. У камандным заліку перамагла літоўска-беларуская каманда "Rally Team Белсплат". Усяго на старт выйшлі 15 экіпажаў. У гонцы прынялі ўдзел не толькі беларускія спартсмены, але і 2 экіпажы з Літвы. Яны пераадолелі трасу працягласцю 86 км. Зрэшты, не ўсім экіпажам удалося дабрацца да фінішу. Так, на другім спецучастку брэсцкі экіпаж пад кіраўніцтвам Сяргея Мігеля не ўпісаўся ў паварот, і аўтамабіль уляцеў у дрэва. Ад удару Subaru Impreza GT раскруціла і выкінула на дарогу. Аўтамабіль атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні. З-за гэтай аварыі давялося прыпыняць гонку: астатнія ўдзельнікі праехалі СУ ў дарожным рэжыме. На трэцім праездзе па тэхнічных прычынах сышоў экіпаж Паўла Кавалеўскага, а на заключным СУ перакуліўся аўтамабіль "Toyota Celica" Андрэя Шашалевіча. На шчасце, ва ўсіх гэтых здарэннях ніхто не пацярпеў. Ралі-спрынт праходзіў у Лепелі ўпершыню. Турнір быў прымеркаваны да дня святкавання юбілею горада.-0-