Экіпаж Аршанскага раёна пераадолеў двухтысячны рубеж па намалоце збожжа

Механізатары СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна Мікалай Захаранка і Сяргей Каткоўскі — экіпаж, які не першы год задае тон працоўнаму спаборніцтву на ўборцы збожжавых у Прыдзвінне, — першымі ў Віцебскай вобласці пераадолелі 2-тысячны рубеж. Механізатары пяць разоў станавіліся абсалютнымі пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, іх ушаноўвалі на рэспубліканскіх і абласных фестывалях-кірмашах працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Старанне і добрасумленны падыход да справы, надзейная тэхніка – такія складнікі поспеху гэтага тандэму. Нямала важным фактарам з'яўляецца і шчодрасць хлебнай нівы. Ураджай у іх родным СПК «Ларынаўка» – самы высокі ў вобласці.


Старшы камбайнер Мікалай Захаранка і камбайнер Сяргей Каткоўскі працуюць у СПК «Ларынаўка» і вядуць жніво на «Lexion-580».

– Каб такі ўраджай атрымаць, мала ведаць, што ты хочаш ад зямлі, трэба адчуваць, што яна ад цябе хоча, – кажа дырэктар СПК «Ларынаўка» Аляксандр Кухценкоў. – Ад людзей усё залежыць, ад іх вопыту і любові да справы.

Тое, што механізатары «Ларынаўкі» першымі на Віцебшчыне дасягнулі двухтысячных намалотаў, не выпадкова. Судзіце самі: у складаны па кліматычных умовах год на поўначы рэспублікі атрымліваюць у сярэднім 29 цэнтнераў на круг, а ў «Ларынаўцы» – 60,9. Азімая пшаніца дала 62,4, а месцамі – 80 ц/га. Секрет – ва ўмелым землекарыстанні і дасведчаных спецыялістах. Да кожнай справы яны падыходзяць з розумам.

– «Ураджай любой цаной!» – гэта не наш прынцып. Мы праследуем, перш за ўсё, эканамічны інтарэс. Стараемся сеяць і вырошчваць выключна па тэхналагічных канонах, прычым тыя культуры, якія дадуць найвышэйшы прыбытак, – кажа Аляксандр Кухценкоў.

Такой працы – з максімальнай аддачай – патрабуе ад калектыву дасведчаны кіраўнік, які здолеў дзякуючы сваёй сялянскай мудрасці і беражлівасці вывесці гаспадарку з адстаючых у лідары.

Яшчэ дзень-два, і ў раёне зазвучаць апошнія акорды жніўнай песні. Але ў кругавароце земляробчага календара няма

перапынкаў на адпачынак. Поля рыхтуюцца пад ураджай 2017 года.

Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці». Фота Анастасіі ТУРОК.