Эка-свята «Фестываль малых рэк» адбудзецца ў Шаркаўшчыне 15 жніўня
Асноўныя мерапрыемствы эка-свята пройдуць у гарадскім парку (пачатак у 15.00). Тут будзе арганізавана некалькі тэматычных зон. Эксперты дапамогуць усім жадаючым вызначыць узровень нітратаў у студнёвай вадзе і раскажуць пра спосабы прадухілення забруджвання вады. Школьнікі навучацца будаваць домікі для рачной птушкі гогаля, будуць маляваць энергаэфектыўную школу і адгадваць экалагічныя загадкі падчас гульні-квэста. А тыя, хто не выпускае з рук планшэт або смартфон, змогуць абараніць прыроду пры дапамозе мабільнай гульні Ecokids.
Асноўныя мерапрыемствы эка-свята пройдуць у гарадскім парку (пачатак у 15.00), паведамілі ў фондзе садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя". Тут будзе арганізавана некалькі тэматычных зон. Эксперты дапамогуць усім жадаючым вызначыць узровень нітратаў у студнёвай вадзе і раскажуць пра спосабы прадухілення забруджвання вады. Школьнікі навучацца будаваць домікі для рачной птушкі гогаля, будуць маляваць энергаэфектыўную школу і адгадваць экалагічныя загадкі падчас гульні-квэста. А тыя, хто не выпускае з рук планшэт або смартфон, змогуць абараніць прыроду пры дапамозе мабільнай гульні Ecokids, адзначылі ў фондзе.
У творчай зоне эка-свята пройдуць майстар-класы рамеснікаў і мастакоў: яны пакажуць, як рабіць керамічныя сувеніры, якія нагадваюць пра малыя рэкі, і маляваць рачныя пейзажы, тут жа адкрыецца тэматычная фотавыстава. На фестывалі свая пляцоўка будзе нават у самых маленькіх - дашкольнікам прапануюць паглядзець экалагічны спектакль і разам з бацькамі стварыць эка-цацкі.
"У прыродзе, як вядома, усё ўзаемазвязана. Каб захаваць малыя рэкі, трэба думаць пра іх насельнікаў, пра тое, як эканоміць энергію і правільна абыходзіцца са смеццем. Таму на фестывалі будуць арганізаваны разнастайныя конкурсы, пройдуць абмеркаванні і выступленні. Свята стане сапраўдным экалагічным кірмашом", - выказала ўпэўненасць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Наталля Арэшкава.
Завершыць свята канцэрт папулярных беларускіх гуртоў "Нагуаль", "У нескладовае", "Рэха" (з 17.00 да 20.30).
Фестываль падвядзе вынікі праекта "Малыя рэкі - вялікія праблемы" па абароне такіх вадаёмаў у Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Іх экалагічны стан мае вялікае значэнне і для Беларусі, і для ўсяго Балтыйскага рэгіёна. Ініцыятыва праходзіць з мая 2013 года і фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Арганізатарамі свята сталі фонд "Інтэракцыя" (вядучы партнёр праекта) і Шаркаўшчынскі раённы выканаўчы камітэт.
Праект "Малыя рэкі - вялікія праблемы" накіраваны на захаванне малых рэк, якія ўтвараюць басейн Дзісны. Удзельнікі ініцыятывы, каля 400 дарослых і школьнікаў у Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах, вывучаюць стан рэк і ачышчаюць іх берагі ад смецця.
Алена Ціханава, БЕЛТА.