Экаярмарка па продажы экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі пройдзе ў Віцебску 14 жніўня

Пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Віцебскім абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду рэалізуецца праект, накіраваны на прыцягненне жанчын вобласці да прадуктыўнага выкарыстання зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу для сям'і, павышэнне ўзроўню фінансавага дабрабыту, вырашэнне пытанняў самазанятасці і працаўладкавання, уцягванне ў працэс кааперацыі і стварэння ўласнай малой справы. 

У праекце прымаюць удзел бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і прыёмных сем'яў; жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў з шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем'яў; з ліку не занятых у працоўных адносінах, якія працуюць на ўмовах няпоўнай занятасці і іншыя катэгорыі сельскіх жанчын, якія маюць падсобную гаспадарку і прысядзібныя ўчасткі. 

Праект атрымаў заключэнне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аб адпаведнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы.

Экаярмарка адбудзецца 14 жніўня з 10.00 (аўтастаянка ля крамы ”Ніка“, г.Віцебск, вул.Тытова, 136Б).