Эколагі канстатуюць стабільную якасць вод па трансгранічных участках басейнаў рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна

17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Якасць вады па басейнах рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна не змянілася і назіраецца тэндэнцыя да стабілізацыі якасці паверхневых вод. Да такіх высноў прыйшлі беларускія і расійскія эксперты рабочых груп па басейнах гэтых рэк на чарговым сумесным пасяджэнні, якое прайшло ў Бранску Расійскай Федэрацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Беларускія і расійскія эколагі праінфармавалі адзін аднаго аб вядзенні маніторынгу якасці трансгранічных участкаў водных аб'ектаў, сумесным адборы проб вады на трансгранічных створах водных аб'ектаў і правядзенні міжлабараторных параўнальных аналізаў. Запоўнены ўніфікаваныя формы прадстаўлення вынікаў інвентарызацыі трансгранічных азёр і трансгранічных водатокаў басейнаў рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна, крыніц іх забруджвання. Эксперты таксама падрыхтавалі прапановы па паляпшэнні экалагічнага стану трансгранічных водных аб'ектаў басейнаў рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна і прапановы па напрамках навукова-даследчых і навукова-прыкладных работ для паляпшэння водагаспадарчай абстаноўкі ў басейнах трансгранічных водных аб'ектаў басейнаў рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна. Дзейнасць рабочых груп вядзецца ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб'ектаў і згодна з рашэннямі, прынятымі на шостым пасяджэнні сумеснай Расійска-беларускай камісіі.-0-