Эколагі плануюць працягнуць праект па абароне малых рэк Віцебскай вобласці
Фонд \"Інтэракцыя\", які з'яўляецца вядучым партнёрам праекта \"Малыя рэкі - вялікія праблемы\" у трох раёнах Віцебскай вобласці, шукае фінансаванне для яго працягу. Пра гэта паведаміла сёння кіраўнік праекта Ірына Іванова на пасяджэнні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
\"Праект завяршыўся ў 2015 годзе, але ў пілотных раёнах - Глыбокскім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім - застаўся актыў. Гэта ўтвораныя пры школах экалагічныя клубы, дзеці, якія працягваюць сачыць за станам рэк басейна Дзісны з дапамогай закупленых 15 кампактных хімічных лабараторый. Вынікі даследаванняў загружаюцца на створаны па праекце рэсурс reka-disna.org і перадаюцца далей раённым інспекцыям прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Але каб усё гэта не знікла, дзяцей трэба матываваць. Патрэбны інтэрактыўныя мерапрыемствы, шматдзённыя намётавыя лагеры і экспедыцыі, фестывалі\", - растлумачыла Ірына Іванова.
На яе думку, лагічным працягам праекта можа стаць Фестываль малых рэк. Такая падзея прайшла падчас праекта ў Шаркаўшчынскім раёне і сабрала больш за 1,5 тыс. чалавек. \"Усе чакаюць, калі будзе наступны фестываль. Гэта значыць, гэта рэальна працуе, у справе папулярызацыі пытанняў экалогіі гэта лепшая форма асветы\", - упэўнена Ірына Іванова. У гэтым яе падтрымліваюць і спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, прыводзячы ў прыклад фестываль \"Жураўлі і журавіны Міёрскага краю\", які таксама пачынаўся з фінансаванага ЕС праекта. Для сваёй ініцыятывы фонд \"Інтэракцыя\" шукае партнёраў са сферы бізнесу і сярод экалагічных, грамадскіх арганізацый. Галоўнымі памочнікамі стануць мясцовыя райвыканкамы, разглядаецца варыянт мэтавай падтрымкі з абласнога бюджэту. Не выключаецца магчымасць падрыхтоўкі новага праекта на конкурс грантаў.
Праект "Малыя рэкі - вялікія праблемы" рэалізоўваўся па ініцыятыве міжнароднага экалагічнага аб'яднання "Прырода і мы" пры падтрымцы фонду "Інтэракцыя", які дапамог выйграць еўрапейскі грант у 330 тыс. еўра. Амаль палова гэтых сродкаў накіравана на добраўпарадкаванне гістарычных паркаў і закупку абсталявання для падтрымання парадку. Астатняе пайшло на экалагічныя мерапрыемствы - ачыстку берагавых ліній і пашпартызацыю малых рэк - Бярозаўка, Мнюта, Мядзелка і Янка. У праекце ўдзельнічалі каля 400 чалавек, большасць - школьнікі. Акрамя таго, кожны з трох раёнаў атрымаў план далейшых дзеянняў - зялёную стратэгію. Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя" - няўрадавая арганізацыя, знаходзіцца ў Мінску. Спецыялізуецца на распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца ЕС, у Беларусі і суседніх краінах.
Кацярына Князева, БЕЛТА.