Эколагі Віцебскай вобласці ў 2010 годзе аштрафавалі прадпрыемствы за пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў на Br35,8 млн.

30 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Эколагі Віцебскай вобласці ў 2010 годзе выставілі юрыдычным асобам рэгіёна штрафных санкцый на агульную суму Br35,8 млн. за пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) на аб'ектах захоўвання і пахавання адходаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марыя Аленева. У ходзе дзяржаўнага кантролю было праведзена 164 абследаванні цвёрдых камунальных адходаў, 1,2 тыс. праверак міні-палігонаў, звыш 1 тыс. - кантэйнерных пляцовак. Інспектарамі выяўлена 158 выпадкаў пахавання ДМР, што стала падставай для складання 136 актаў праверак і 159 пратаколаў. Акрамя выстаўлення штрафных санкцый, эколагі скарысталіся правам прымянення да злосных парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства павышаных ставак падатку за пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Як растлумачыла Марыя Аленева, за пахаванне 1 т небяспечных адходаў вытворчасці спаганяецца стаўка падатку ў памеры Br10342, якая ўлічваецца ў сабекошце прадукцыі. У выпадку пахавання адходаў, якія змяшчаюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы, стаўка перавышае Br6 млн., якія парушальнік абавязаны выплаціць са свайго прыбытку. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай збору (нарыхтоўвання) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады ў Віцебскай вобласці дзейнічае сістэма па нарыхтоўцы і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Па выніках 2010 года ў вобласці сабрана 16,872 тыс. т макулатуры, 2,705 тыс. т шкла, 1,9 тыс. т тэкстыльных, 3,263 тыс. т палімерных, 12,3 тыс. т будаўнічых і 66,7 тыс. т асфальтабетонных адходаў.-0-