Эколагі завяршаюць аднаўленне цэнтральнай часткі балота "Ельня" у Віцебскай вобласці
2 лютага, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) завяршае прыродаахоўны праект на найбуйнейшым беларускім балоце "Ельня", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі.
На працягу двух гадоў у работах па аднаўленні гідралагічнага рэжыму ў цэнтральнай частцы балота "Ельня", акрамя спецыялістаў, актыўна ўдзельнічалі і валанцёры АПБ. "За гэты час на каналах, якія асушаюць балота, пабудавана больш за 30 плацін з мясцовых матэрыялаў - гарэлых ствалоў дрэў і тарфу, - расказалі ў АПБ. - У цэлым у работах па будаўніцтве плацін прыняло ўдзел больш за сто чалавек з усіх куткоў Беларусі".
Балота "Ельня" - адно з найбуйнейшых у Еўропе верхавых балот. Яно размешчана на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці і займае плошчу больш за 200 кв.км. "Нягледзячы на статус жамчужыны прыроды Беларусі, вынікі маштабнай меліярацыі мінулага стагоддзя не абышлі бокам і гэта балота, - дадалі ў АПБ. - Пракладка шматлікіх каналаў і выпрамленне рэк прывялі да істотнага паніжэння ўзроўню грунтовых вод, што стала адной з асноўных прычын буйных і рэгулярных пажараў на балоце". У выніку апошняга пажару, які здарыўся ў 2002 годзе, выгарэла больш за 70% балота. Эканамічны ўрон ад страты толькі знішчаных пажарам журавіннікаў складае больш за Br100 млн у год.
Праект "Аднаўленне гідралагічнага рэжыму цэнтральнай часткі балота Ельня" рэалізоўваўся пры падтрымцы праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй заказніка "Ельня".
Балота "Ельня" аб'яўлена ландшафтным заказнікам рэспубліканскага значэння, тэрыторыяй міжнароднага значэння, важнай для птушак. Тут насяляе 98 відаў птушак, 23 з якіх занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, і расце 11 рэдкіх відаў раслін, у тым ліку карлікавая бяроза і марошка. Балотны масіў "Ельні" мае вялікае значэнне як месца прыпынку мігруючых гусей і журавоў на вясновым і восеньскім пралётах.-0-