Экалагічная экспертыза ў Віцебскай вобласці накладвае вета на трэць праектаў забудовы тэрыторый

18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Трэць адмоўных заключэнняў экалагічнай экспертызы ў Віцебскай вобласці прыпадае на горадабудаўнічыя праекты і праекты забудовы тэрыторый. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аддзелам экалагічнай экспертызы камітэта летась праведзена экалагічная экспертыза праектна-каштарыснай і іншай дакументацыі па 241 аб'екце. На разгледжаныя матэрыялы выдадзена 76 адмоўных заключэнняў (31%), пры гэтым трэць складалі адмоўныя заключэнні па горадабудаўнічых праектах і праектах забудовы тэрыторый. Як лічаць эколагі, гэта звязана з нізкай якасцю выканання праектнай дакументацыі: ні па адным з прадстаўленых горадабудаўнічых праектаў і праектаў забудовы тэрыторый з першага разу не было выдадзена станоўчага заключэння экалагічнай экспертызы, а колькасць заўваг па некаторых аб'ектах даходзіла да 20. Спецыялісты камітэта ў 2010 годзе таксама праводзілі экалагічную экспертызу прадпраектных матэрыялаў, якая ўключае ў сябе выбар пляцовак пад размяшчэнне аб'ектаў і выдачу экалагічных умоў на праектаванне. У 2010 годзе супрацоўнікі гарадскіх і раённых інспекцый прымалі ўдзел у працы камісій па выбары 4242 пляцовак, з іх у 32 выпадках афіцыйна адмоўлена ў размяшчэнні аб'ектаў на запытаных зямельных участках. Асноўнымі прычынамі адмоваў сталі размяшчэнне ў парушэнне патрабаванняў зацверджаных генеральных планаў, водаахоўнага заканадаўства і санітарных нормаў. Так, Наваполацкай інспекцыяй аховы прыроды было адмоўлена ў размяшчэнні аўтасэрвісу і аўтастаянкі ў жылым сектары г. Полацка з-за неадпаведнасці зацверджанаму генеральнаму плану і парушэння нарматыўных памераў санітарна-ахоўных зон. Пастаўская інспекцыя не дала згоды на адвод пляцовак пад будаўніцтва трох жывёлагадоўчых ферм у водаахоўных зонах, у выніку чаго для аб'ектаў былі выбраны іншыя ўчасткі.-0-