Экалагічны дазор выявіў у Віцебскай вобласці з пачатку года больш за 300 парушэнняў
28 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Экалагічны дазор выявіў у Віцебскай вобласці з пачатку года больш за 300 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў частцы навядзення парадку на зямлі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Спецыялісты камітэта і яго структурных падраздзяленняў ажыццяўляюць штотыднёвы кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па навядзенні парадку і абследуюць тэрыторыі гарадоў і населеных пунктаў, зон адпачынку, гаражных і садаводчых кааператываў, міні-палігонаў. У час абследаванняў зафіксавана больш за 300 парушэнняў, у тым ліку незадавальняючае ўтрыманне і эксплуатацыя водазаборных збудаванняў, наяўнасць несанкцыянаваных месцаў размяшчэння металалому, будаўнічых і іншых адходаў, забруджванне прылеглай тэрыторыі гнойнымі сцёкамі, незадавальняючы стан тэрыторый.
Найбольшая колькасць парушэнняў выяўляецца на сельскагаспадарчых аб'ектах і тэрыторыях населеных пунктаў. Перш за ўсё, гэта неналежнае ўтрыманне сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі тэрыторый жывёлагадоўчых ферм і мехдвароў, несанкцыянаванае размяшчэнне бытавых адходаў на землях сельскіх саветаў, несвоечасовы вываз бытавых адходаў і незадавальняючае ўтрыманне кантэйнерных пляцовак, міні-палігонаў службамі ЖКГ. Так, толькі ў адным сельгаспрадпрыемстве ў Пастаўскім раёне ўстаноўлена пяць выпадкаў абляднення і працёку вады на воданапорных вежах, што прывяло да нерацыянальнага выкарыстання падземных вод. Аналагічныя выпадкі выяўляліся ў Мёрскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім, Талачынскім раёнах.
За парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства і няпрыняцце мер па навядзенні парадку на зямлі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 270 правапарушальнікаў. Накладзена штрафаў на Br39,3 млн.-0-