Экалягічны кодэкс варта распрацаваць у Беларусі - У.Андрэйчанка
30 верасня, Віцебская вобласць /Наталля Ільічова - БЕЛТА/. Спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка лічыць мэтазгодным распрацаваць у перспектыве Экалагічны кодэкс. Пра гэта ён заявіў сёння на семінары Палаты прадстаўнікоў на тэму прымянення заканадаўства па пытаннях аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага і расліннага свету, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку спікера, Экалагічны кодэкс зможа ўрэгуляваць не толькі прыродаахоўныя праблемы, але і дасць магчымасць скарэкціраваць усе законы, якія тым ці іншым чынам датычацца прыродакарыстання. "Гэта задача на перспектыву, да якой трэба імкнуцца", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. Ён паведаміў, што ў цяперашні час з удзелам дэпутатаў вядзецца распрацоўка законапраектаў па пытаннях рэгулявання адносін у галіне стварэння нацыянальнай экалагічнай сеткі, нармавання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы, размешчаныя на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.
Спікер лічыць таксама неабходным забяспечыць далейшае развіццё прыродаахоўнага заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і рэаліямі нашага жыцця, што дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць унікальныя прыродныя багацці краіны. Гэта тычыцца ў тым ліку інтэнсіўнага развіцця аграэкатурызму, аказання больш шырокага спектру паслуг як грамадзянам Беларусі, так і замежнікам.
Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, заслугоўвае ўвагі і прапанова ўдзельнікаў семінара аб унясенні змен у адміністрацыйнае заканадаўства ў частцы канфіскацыі прылад і забароненых сродкаў збору ягад і іншых дзікарослых раслін. У сувязі з гэтым было б мэтазгодна замацаваць права службовых асоб структур рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. -0-