Экалёгія, працаўладкаваньне і гандаль: Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян у Шуміліне

Тэмы экалогіі, гандлю на вёсцы і дапамогі ў працаўладкаванні гучалі падчас прамой тэлефоннай лініі і асабістага прыёму грамадзян памочнікам Прэзідэнта – інспектарам па Віцебскай вобласці Анатолем Ліневічам у Шумілінскім райвыканкаме.

Першай агучыла сваю праблему па тэлефоне жыхарка Шуміліна. Яе мама жыве ў гарпасёлку па вул. Карла Маркса ў прыватным доме, і побач з участкам ёсць крамы. У маі 2021 года пачала працу гандлёвая кропка па продажы будматэрыялаў. Па словах заяўніцы, у іх функцыянуе кацельня, а з трубы ідзе дым з непрыемным пахам пасля спальвання адходаў, упаковак ад тавараў. Акрамя таго, мясцовая жыхарка лічыць, што труба ўстаноўлена з парушэннем патрабаванняў. "Пытанне бярэм на кантроль для вывучэння сітуацыі. Спецыялісты разбяруцца, ці адпавядае ўсё гэта нарматыўным актам, у тым ліку ў сферы экалогіі, і дамо вам адказ", - сказаў Анатоль Ліневіч.

На прыём прыйшоў былы супрацоўнік Шумілінскага лясгаса. Мужчына атрымаў траўму падчас працы ў лясгасе. Медыкі далі яму групу інваліднасці, і цяпер ён не можа працаваць у арганізацыі на ранейшай пасадзе, а прыдатнай вакансіі няма. Прадстаўнікі лясгаса патлумачылі, што ўрачы прыйшлі да высновы, што гэта не вытворчая траўма, а агульнае захворванне. Заяўніку прапанавалі дапамогу ў працаўладкаванні, служба занятасці прадаставіць для яго магчымыя месцы працы ў раёне.

Жыхары вёскі Казьяны дэлегавалі на прыём сваю суседку для дапамогі ў вырашэнні некалькіх пытанняў. У іх няма крамы, а да якасці працы прадаўца аўталаўкі ёсць прэтэнзіі. Вяскоўцы яшчэ скардзяцца на дрэнную мабільную сувязь і адсутнасць праваднога інтэрнэту. Таксама жанчына ўказала на тое, што ў раёне чыгуначнага вакзала ў Шуміліне няма кропкі грамадскага харчавання, каб пасажырам паесці падчас чакання цягнікоў. Памочнік Прэзідэнта даручыў увайсці ў курс паднятых пытанняў і вырашыць іх.

Падводзячы вынікі размовы з людзьмі, Анатоль Ліневіч падкрэсліў, што большасць пытанняў магла самастойна вырашыць мясцовая ўлада. Ён таксама завастрыў увагу на тым, што такія прыёмы важныя для атрымання зваротнай сувязі ад жыхароў. "Людзі бачаць, што яны могуць звярнуцца са сваёй праблемай да чыноўніка любога ўзроўню. Іх выслухаюць, дадуць адказ і дапамогуць, калі ў межах закона пытанне можна вырашыць. Але галоўнае, што ідзе зносіны з чалавекам", - дадаў памочнік Прэзідэнта.

На прыёме дырэктар КУСП «Шумілінская ПМК-70» Аляксей Крыўко

На прыёме жыхар г.п. Шуміліна Аляксей Вяргуноў

На прыёме жыхар аграгарадка Башні Аляксандр Шалюта

Падчас прыёму грамадзян у Шуміліне таксама былі ўзняты пытанні пенсійнага заканадаўства і ЖКГ.

"БЕЛТА"