Экамаршрут па мясцовых славутасцях распрацавалі ў Шаркаўшчынскім раёне

Экамаршрут па мясцовых славутасцях распрацавалі ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці ў Год малой радзімы. Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Наталля Арэшкава.

Маршрут пачынаецца ў аграгарадку Германовічы з наведвання інтэрактыўнага экацэнтра, размешчанага ў мясцовай школе. Тут гасцям пакажуць, як фарміраваліся балоты рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Ельня" і хто там жыве. Затым адбудзецца візіт у мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча, які размешчаны ў сценах палацава-паркавага ансамбля графа Шырына XVIII стагоддзя, з нядаўна рэканструяваным паркам. Экскурсавод раскажа пра мясцовыя славутасці, а таксама пазнаёміць з найбольш цікавымі фактамі і легендамі з гісторыі графскага роду. У Доме ганчара, адзінай падобнай установе ў Віцебскай вобласці, майстар Сяргей Рымдзёнак правядзе майстар-клас па старадаўнім спосабе вырабу ганчарных вырабаў.

Другая частка маршруту звязана з праходжаннем новай двухкіламетровай экасцежкі "Прырода роднага краю". Яна стартуе ад вёскі Буды на беразе мясцовага возера Валозева і праходзіць па лясных дарожках з рознымі відамі экасістэм, у тым ліку праз верхавое балота. У пачатку маршруту размешчаны карт-схема сцежкі, веластаянка, вялікі навес, інтэрактыўныя стэнды, лаўкі, сцежка пазначана ўказальнікамі. На фінішы прагулкі турыстаў чакае ўздым на васьміметровую аглядную вышку, з якой адкрываюцца цудоўныя віды на заказнік.

БЕЛТА.