Эканамічныя кантакты Электрасталі і Полацка будуць развівацца дзякуючы ЕЭП - кіраўнік расійскага горада
26 мая, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Эканамічныя кантакты расійскага горада Электрасталь і беларускага Полацка будуць нарастаць дзякуючы Адзінай эканамічнай прасторы. Такую думку выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік гарадской акругі Электрасталь Андрэй Суханаў, які ўзначальвае дэлегацыю расійскага горада на юбілейных урачыстасцях у Полацку.
Электрасталь і Полацк на працягу больш як 15 гадоў падтрымліваюць пастаянныя кантакты як у гуманітарнай, так і ў эканамічнай сферах. "У Электрасталі шмат пабрацімаў, але Полацк стаіць асабліва ў гэтым шэрагу таму, што беларускі народ самы блізкі і родны для расіян. Людзі сябруюць, маюць зносіны, шукаюць эканамічныя сувязі", - сказаў кіраўнік горада.
Эканамічная інтэграцыя Беларусі, Расіі і Казахстана дазволіла значна спрасціць кантакты паміж прадпрыемствамі Полацка і Электрасталі. Так, для школ Электрасталі малочная прадукцыя закупляецца на Полацкім малочным камбінаце. "Раней даводзілася пераадольваць нямала фармальнасцей, але цяпер працэс паставак значна спрасціўся дзякуючы зняццю мытных бар'ераў", - канстатаваў Андрэй Суханаў. Ён перакананы, што эканамічныя кантакты паміж двума гарадамі-партнёрамі будуць толькі развівацца.
На ўрачыстасці ў гонар юбілею Полацка прыехалі дэлегацыі 16 гарадоў-партнёраў. Яны будуць не толькі гледачамі святочных мерапрыемстваў, але і ўдзельнікамі - дэлегацыі прывезлі з сабой творчыя калектывы, якія падрыхтавалі віншаванні гораду-юбіляру. -0-