Эксперты ў Полацку абмеркавалі эканамічнае развіццё рэгіёнаў і рэформу мясцовага самакіравання

У Полацкім дзяржаўным універсітэце эксперты сёння абмеркавалі пытанні эканамічнага развіцця рэгіёнаў, рэалізацыю бізнес-ініцыятыў і пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у эканоміцы.

На сустрэчы былі закрануты пытанні эканамічнага развіцця раёнаў і гарадоў. Эксперты завастрылі ўвагу на стымуляванні дзелавой ініцыятывы ў насельніцтва. Трэба са школьнай парты навучаць дзяцей фінансавай пісьменнасці, уменню свае задумкі рэалізоўваць у розных формах, у тым ліку ў выглядзе бізнес-праектаў.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф.Скарыны Вераніка Скопьюк адзначыла важнасць развіцця навучальных бізнес-кампаній. Пакуль каля 80% такіх аб'яднанняў знаходзяцца ў Мінску і раёне. У Віцебскай вобласці іх чатыры: дзве ў Віцебску, па адной – у Браславе і Наваполацку. Па словах педагога, школьнікам важна, каб іх ідэі рэалізоўваліся на практыцы і мелі канкрэтную аддачу, адчувальны эфект. "Трэба таксама супрацоўнічаць з цэнтрамі прадпрымальніцтва, каб да школьнікаў прыходзілі бізнесмены і распавядалі пра свае як паспяховыя праекты, так і правалы. Каб дзеці рэальна ацэньвалі свае магчымасці і ведалі пра рызыкі пры стварэнні ўласнай справы", – сказала Вераніка Скопьюк.

Вераніка Скопьюк

Эксперты завастрылі ўвагу, што адсутнасць неабходнай інфраструктуры тармазіць развіццё ініцыятывы грамадзян. Не ў кожнага чалавека ёсць і фінансавая падушка, а банкі не заўсёды гатовыя даваць грошы на стварэнне бізнесу. На думку ўдзельнікаў сустрэчы, вызваленне дзелавой ініцыятывы і развіццё крэатыўнасці спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, стварэнню працоўных месцаў і павышэнню ўзроўню жыцця.

Старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч звярнуў увагу на бюракратызм у правядзенні закупак і тэндараў. Ён таксама лічыць важным даць больш паўнамоцтваў уладам на месцах, напрыклад, у фарміраванні і расходаванні бюджэту. "Таму правільная пазіцыя вышэйшага кіраўніцтва краіны, што трэба даць больш самастойнасці рэгіёнам. Раздел Канстытуцыі "Мясцовае кіраванне і самакіраванне" трэба істотна перапрацаваць, варыянты змяненняў павінны абмяркоўвацца на Усебеларускім народным сходзе", - дадаў Алег Буевіч.

Алег БуевічАлег Буевіч

У Полацкім дзяржаўным універсітэце прайшла дыялогавая пляцоўка на эканамічную тэму. У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел каля 20 чалавек - выкладчыкі, педагогі, юрысты, прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі арганізацый Наваполацка і Полацка. Асноўныя прапановы будуць акумуляваны і адпраўлены ў абласную камісію, якая збірае ідэі на Усебеларускі нацыянальны сход.