Эканоміка, права і архітэктура карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў Віцебскай вобласці
29 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Эканоміка, права і архітэктура карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў Віцебскай вобласці. Конкурсы на спецыяльнасці, звязаныя з гэтымі прадметамі, самыя высокія ў ВНУ рэгіёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адказны сакратар Віцебскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2009 годзе Ігар Раманаў.
Так, канкурэнцыя сярод маладых людзей, якія вырашылі стаць архітэктарамі, у Полацкім дзяржаўным універсітэце (ПДУ), склала 6,7 чалавека на месца. Традыцыйна шырока запатрабавана спецыяльнасць "правазнаўства" у Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.М.Машэрава (ВДУ). Тут на адно месца прэтэндуюць 12,4 чалавека. У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (ВГТУ) высокую планку трымаюць эканамічныя спецыяльнасці (5 чалавек на месца), фінансы і крэдыт (5,4), дызайн (ад 4 да 5), а ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны - ветэрынарная санітарыя і экспертыза (3,5). Разам з імі набіраюць папулярнасць і новыя прапановы ВНУ. Напрыклад, у ВДУ ім. П.М.Машэрава конкурс на "музейную справу і ахову культурна-гістарычнай спадчыны" склаў 5,8 чалавека на месца, а ў ПДУ на "турызм і гасціннасць" - 7,9.
Разам з тым практычна незапатрабаванымі апынуліся сярод абітурыентаў тэхнічныя спецыяльнасці лёгкай прамысловасці, конкурс на якія склаў 1,3-1,5 чалавека на месца, "заатэхнія" у ветэрынарнай акадэміі (0,9) і "музычнае мастацтва і замежная мова" у ВДУ ім. П.М.Машэрава (1).
У цэлым сярэдні конкурс у ВНУ рэгіёна склаў 2,1 чалавека на месца (у 2008 годзе - 2). Найбольш высокі сярэдні конкурс склаўся, як і ў папярэднія гады, у ВДУ ім. П.М.Машэрава (2,6). У Полацкім дзяржаўным універсітэце - 2,5 (у 2008 годзе - 2,2).
У 2009 годзе паступіць у ВНУ Віцебскай вобласці выказалі жаданне 5 669 чалавек. З іх 200 абітурыентаў з'яўляюцца медалістамі, 289 маюць дыпломы з адзнакай і 66 з'яўляюцца грамадзянамі Расіі, Казахстана і Таджыкістана, якія маюць у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі права на бясплатнае навучанне ў Беларусі.-0-