Экскурсійны маршрут па памятных мясцінах ВАВ распрацаваны ў Лёзненскім раёне

Экскурсионный маршрут по памятным местам ВОВ разработан в Лиозненском районе

Экскурсійны маршрут па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны "Кальцо памяці і славы" распрацаваны ў Лёзненскім раёне да 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое райцэнтр адзначыць 10 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў райвыканкаме.

Маршрут праходзіць па самых знакавых мясцінах рэгіёну, якія звязаны з падзеямі ВАВ. Пачынаецца ён на Цэнтральных воінскіх пахаваннях Лёзна (тут спачываюць каля 1,4 тыс. салдат Савецкай Арміі), захоплівае Стасеўскія афіцэрскія могілкі (адзіныя ў Беларусі, дзе пахаваны толькі афіцэры) і вялікія воінскія пахаванні ў аграгарадку Крыўкі. Завяршаецца лёзненскае "Кальцо памяці і славы" на мемарыяльным комплексе "Ціхмянаўская вышыня".

Акрамя таго, да знамянальнай даты ў рэгіёне праводзіцца дадатковае абследаванне ўмоў жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і сем'яў загінулых вайскоўцаў з мэтай выяўлення праблем і аказання садзейнічання ў іх ліквідацыі. У дзень вызвалення райцэнтра ўсе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Лёзненскага раёна атрымаюць віншавальныя лісты, памятныя падарункі і прадуктовыя наборы. Свой уклад у іх фарміраванне могуць унесці прадпрыемствы, установы і арганізацыі рэгіёну.

У раёне ўжо прайшло некалькі суботнікаў, сабраныя сродкі накіраваны ў тым ліку на рамонт і добраўпарадкаванне мемарыялаў і помнікаў воінскай славы. Працягваецца правядзенне Вахты памяці па пошуку загінулых і ўстанаўленні іх імёнаў. У дні святкавання 70-годдзя ля вёскі Рублёва-2 будзе адкрыты памятны знак воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На тэрыторыі Лёзненскага раёна лінія фронту стаяла дзевяць месяцаў, тут размешчаны больш за 83 улічаныя воінскія пахаванні, дзе спачываюць каля 30 тыс. чалавек.