Экскурсійны тур на «Цягніку памяці» арганізуюць для школьнікаў Віцебска
Незвычайную акцыю да 70-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй плануюць турысцка-інфармацыйны цэнтр «Ілва» і аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама. 24 – 26 красавіка віцебскім школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у яркім і запамінальным экскурсійным туры ў Брэст на «Поезд памяці».
Аб арганізацыі паездкі распавялі на нядаўнім семінары-прэзентацыі турысцка-экскурсійных маршрутаў героіка-патрыятычнай накіраванасці, якія падрыхтаваны
«Ілвой» напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі для педагогаў і школьнікаў. Па словах дырэктара Ларысы Пятроўскай, турфірма спецыяльна распрацавала для навучэнцаў недарагія, але цікавыя патрыятычныя туры ў Мінск, Хатынь, Магілёў, Оршу, Смаленск. Асаблівы праект – «Поезд памяці», які прадугледжвае падарожжа дзяцей з Віцебска ў Брэст. Школьнікаў чакаюць аглядная аўтобусная экскурсія па горадзе, наведванне мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і нядаўна адкрытага там музея «Музей вайны – тэрыторыя міру», мітынг-рэквіем. Таксама дзеці ўбачаць Белавежскую пушчу і казачную рэзідэнцыю Дзеда Мароза.У турыстычна-інфармацыйным цэнтры
«Ілва», дзе праходзіў семінар, сабраліся больш за 30 кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі Віцебска, а таксама гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі і Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Для іх выступіў тэатр «Батлейка», які працуе ў рамках культурна-гістарычнага праекта «Скарбніца».Кіраўнік
«Ілвы» выказала спадзяванне, што сустрэчы з адміністрацыяй устаноў адукацыі стануць рэгулярнымі, а турысцка-інфармацыйны цэнтр будзе пляцоўкай для вольнага абмену думкамі, прэзентацый новых аўтарскіх праектаў і экскурсійных маршрутаў. Усім удзельнікам сустрэчы ўручаны інфармацыйныя матэрыялы і мультымедыйныя дыскі па гісторыі Віцебска.Аляксандр Кутынко, "Віцебскія весці"