Эксперымент са святлодыёдамі ў двух дамах Навалукомля дазволіць зэканоміць 2,8 тыс. кВт энергіі ў год
16 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Святлодыёдныя свяцільні дазволяць УВП ЖКГ "Камунальнік" Навалукомля зэканоміць на асвятленні пад'ездаў у двух шматкватэрных дамах амаль 2,8 тыс. кВт энергіі ў год. У Навалукомлі падведзены вынікі пілотнага праекта па апрабацыі ў рэальным рэжыме работы святлодыёдных свяцільняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар УВП ЖКГ "Камунальнік" Леанід Палоннік.
Эксперымент праводзіўся з удзелам рэспубліканскага навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі", Магілёўскага адкрытага акцыянернага таварыства "Тэхнапрыбор" пры падтрымцы Міністэрства ЖКГ. Для ўдзелу ў ім былі вызначаны тры новыя чатырохпад'ездныя жылыя пяціпавярховыя дамы. У адным з іх усталявалі звычайныя свяцільні з лямпамі напальвання 40 Вт, у двух іншых - святлодыёдныя ад беларускіх вытворцаў. Усе тры дамы абсталяваны аўтаматычнымі сістэмамі кіравання - датчыкамі руху, дзякуючы якім святло на лесвічных пляцоўках гарыць толькі тады, калі там ёсць людзі. У працэсе эксплуатацыі свяцільняў спецыялістамі супастаўляліся іх святлатэхнічныя параметры, энергаэфектыўнасць, выдаткі па эксплуатацыі, надзейнасць.
Жыльцы дамоў, дзе былі ўсталяваны святлодыёды, адразу адзначылі, што навінка свеціць значна ярчэй, чым звычайная лямпачка магутнасцю 40 Вт, пры гэтым яе святло камфортнае для вачэй. Спецыялісты не выказалі заўваг да эксплуатацыі прыбораў і канстатавалі, што за красавік у гэтых дамах было ў агульнай суме зэканомлена амаль 150 кВт. Святлодыёды вытворчасці Цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі далі магчымасць скараціць спажыванне электраэнергіі ў 14 разоў, а вытворчасці "Тэхнапрыбор" - удвая.
Па папярэдніх разліках, эканомія ад прымянення святлодыёдных свяцільняў у двух дамах у год перавысіць паўмільёна рублёў. Разам з тым цана лямпаў даволі высокая: ад Br98,9 тыс. да Br240 тыс., з-за чаго тэрмін іх акупнасці складзе 12-13 гадоў. Аднак ва ўмовах развіцця вытворчасці і канкурэнцыі на рынку яна знізіцца, упэўнены Леанід Палоннік.
Выконваючы палажэнні Дырэктывы №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы", прадпрыемства "Камунальнік" актыўна працуе над укараненнем энергазберагальных тэхналогій. Аднымі з першых у Віцебскай вобласці навалукомльскія камунальнікі абсталявалі шматкватэрныя дамы датчыкамі руху. Дзякуючы гэтаму на адным доме ў год эканоміцца 219 кВт электраэнергіі. Прадпрыемства замяніла ў жылых дамах цеплаабменнікі, укараніла дыстанцыйны ўлік спажывання вады. Гарадскія вуліцы асвятляюцца з дапамогай аўтаматычных сістэм. Дзякуючы энергазберагальным мерапрыемствам у 2010 годзе камунальнікі зэканомілі Br119 млн. Дадатковыя даходы ідуць на бягучы і капітальны рамонты жылога фонду, а таксама на далейшае ўкараненне новых энергаэфектыўных тэхналогій.
У першым квартале 2011 года паказчык па энергазберажэнні ва УВП ЖКГ "Камунальнік" склаў мінус 19,6% пры заданні мінус 12%. -0-