Эксперыментальны суперсучасны трамвай выйшаў на лінію ў Наваполацку
У Наваполацку на лінію выйшаў суперсучасны эксперыментальны трамвай, распрацаваны і выраблены сталічным "Белкамунмашам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як паведаміла начальнік участку эксплуатацыі рухомага саставу НТКУП "Трамвайны парк" Алена Ціхелашвілі, такіх вагонаў у беларускіх гарадах з трамвайным рухам яшчэ не эксплуатавалі. Пасля працяглага перыяду пусканаладачных работ найноўшая мадэль аднасекцыйнага паўнізакапольнага трамвайнага вагона нарэшце адправілася з пасажырамі па адзіным у горадзе маршруце. Гэтая распрацоўка можа не толькі стаць асновай рэйкавага электратранспарту Беларусі, але і забяспечыць "Белкамунмаш" саліднымі экспартнымі заказамі.
Мадэль БКМ-802 з'яўляецца недарагой альтэрнатывай трохсекцыйнаму хуткаснаму трамваю вялікай умяшчальнасці БКМ-843 і мяркуецца для эксплуатацыі на маршрутах з невысокім пасажырапатокам у невялікіх гарадах. Даўжыня вагона складае 15,5 м, агульная ўмяшчальнасць разлічана на 165 чалавек: сядзячых месцаў - 28 (у тым ліку 4 - для пасажыраў з абмежаванай мабільнасцю), стоячых - 137, а таксама адно месца ў сярэдзіне салона - для дзіцячай ці інваліднай каляскі з сістэмамі фіксацыі і апавяшчэння кіроўцы.
"Унутры ўсюды электроніка: устаноўлены сінхранізаваныя візуальная і акустычная інфармацыйныя сістэмы для пасажыраў, тэрмарэгулятар у салоне і кандыцыянер - у кабіне кіроўцы. Асвятленне святлодыёднае. Для пасажыраў зручная нізкападлогавая канструкцыя ў сярэдзіне вагона, якая палягчае пасадку/высадку. Вагон добра разганяецца і плаўна тармазіць. Паглядзім, як ён праявіць сябе ў працэсе актыўнай эксплуатацыі, асабліва ў першыя тры гарантыйныя гады. Гэты трамвай разам з яшчэ двума вагонамі будзе абслугоўваць лінію днём", - патлумачыла Алена Ціхелашвілі.
Усяго парк пасажырскіх вагонаў наваполацкага транспартнага прадпрыемства налічвае 31 адзінку, з якіх па раніцах, у гадзіны пік, на лінію выходзяць 9. Днём для абслугоўвання пасажырапатоку дастаткова трох вагонаў.
Кацярына Князева