Эксперты найвышэй ацанілі патэнцыял устойлівага развіцця Віцебскай вобласці сярод рэгіёнаў
Эксперты ацанілі патэнцыял устойлівага развіцця Віцебскай вобласці вышэй за іншыя рэгіёны Беларусі, адзначыла сёння на сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме кіраўнік праекта ЕС/ПРААН "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" Людміла Сакалоўская.
Гэты праект рэалізуецца з 2014 года на ўзроўні раёнаў і асобных іх тэрыторый і прадугледжвае ўзаемадзеянне органаў улады, бізнесу і мясцовых жыхароў. Агульны бюджэт - 5,4 млн еўра.
"Намі ўжо рэалізаваны першы конкурс мясцовых ініцыятыў, які сабраў больш за 700 заявак з усёй рэспублікі. З Віцебскай вобласці перамаглі 16 ініцыятыў, якія атрымалі фінансавую падтрымку каля 200 тыс. еўра. Мы таксама адабралі па 5 пілотных раёнаў ад кожнай вобласці, з якімі працягваем супрацоўніцтва. Яны будуць удзельнічаць у асноўным конкурсе мясцовых ініцыятыў. Але ўжо цяпер на падставе двух праведзеных незалежных даследаванняў па праекце магу сказаць, што патэнцыял Віцебскай вобласці ацэнены вышэй за ўсе рэгіёны Беларусі", - адзначыла Людміла Сакалоўская.
Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра даследаванне "Мой раён" кампаніі "Саціо" (па замове праекта вывучаны ўсе 118 раёнаў рэспублікі) і даследаванне на ўзроўні сельскіх саветаў Віцебскай вобласці, праведзенае ўстановай "Новая Еўразія". У дадзены момант ва ўсіх пілотных раёнах створаны і працягваюць стварацца ініцыятыўныя групы грамадзян, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, бізнесу і некамерцыйных арганізацый, якія вызначаюць для сябе прыярытэты развіцця
сваіх тэрыторый. Гэта і стане асновай пашпарта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця (ТАР) для кожнага пілотнага раёна. "Для Віцебскай вобласці характэрна тое, што большасць ініцыятыў падтрымліваюць развіццё аграэкатурызму, сацыяльна-культурнай сферы, а вось прапаноў з эканамічным складнікам няшмат", - дадала Людміла Сакалоўская.Сёння ў Віцебскім аблвыканкаме пройдзе круглы стол "Устойлівае рэгіянальнае развіццё: лепшая практыка ЕС", на якім агучваюцца папярэднія вынікі рэалізацыі двух праектаў - кампанентаў праграмы "Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Беларусі", якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Першы, аднайменны праект ужо завяршаецца, а другі, "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь", уступае ў самую актыўную фазу. Акрамя таго, прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі кіраўніцтва гаррайвыканкамаў і грамадскіх арганізацый даведаюцца аб інструментах і праграмах ЕС для рэгіёнаў, магчымасцях атрымання фінансавання.
Кацярына Князева - БЕЛТА.