Экспарт прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны Віцебскай вобласці за студзень-красавік вырас на 21,8%
18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Экспарт прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны Віцебскай вобласці за студзень-красавік вырас на 21,8% да $83,3 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім канцэрне "Мяса-малочныя прадукты".
Пастаўкі прадукцыі ажыццяўляліся ў 13 краін свету: Арменію, Украіну, Латвію, Азербайджан, Германію, Польшчу і інш. Удзельная вага паставак у Расію ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала больш за 88%. Аб'ём экспарту ў краіны далёкага замежжа вырас больш чым у два разы ў параўнанні са студзенем-красавіком 2010 года.
Сярод малоепрацоўных прадпрыемстваў рэгіёну ў мінулым перыядзе лепш за ўсё спрацавалі Верхнядзвінскі масласырзавод (тэмп росту экспарту - 138,2%), Лепельскі малочнакансервавы камбінат (адпаведна амаль у два разы), Полацкі малочны камбінат (122,8%), Пастаўскі малочны завод (178,5%). Сярод прадпрыемстваў мясной галіны больш чым у два разы павялічыў экспартныя пастаўкі Аршанскі мясакансервавы камбінат, на 45,9% - Міёрскі мясакамбінат і на 36,1% - Віцебскі мясакамбінат.
Для павелічэння аб'ёмаў рэалізацыі прадукцыі на рынках краін СНД прадпрыемствамі канцэрна праводзіцца пастаянны маніторынг узроўню дзейных цэн на ўнутраных рынках краін-імпарцёраў, попыту на малочную прадукцыю, наладжана праца з патэнцыйнымі партнёрамі. Акрамя таго, значная ўвага надаецца ўдзелу заводаў у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах. Толькі за красавік прадпрыемствы вобласці прадставілі сваю прадукцыю на 18 выстаўках і кірмашах у рэгіёнах Расіі.
За студзень-красавік мяса-малочнымі прадпрыемствамі канцэрна выпушчана прадукцыі на Br654,4 млрд., або 137,9% да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Узровень рэнтабельнасці продажаў за гэты перыяд склаў 3,2%, у тым ліку па малочнай галіне - 2,7%, па мясной - 4%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 11%.
Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі Br45,4 млрд., або 170,5% да студзеня-красавіка мінулага года. Сродкі былі накіраваны на набыццё лініі збожжавага тварагу і аўтамата для фасоўкі малочных прадуктаў у пакеты тыпу "Дой-Пак" у ААТ "Малако" (Віцебск). Верхнядзвінскі масласырзавод закупіў пастэрызацыйную ўстаноўку магутнасцю 15 тыс. л/гадзіну, бактафугу і іншае абсталяванне для вытворчасці масла. На Глыбокскім малочнакансервавым камбінаце ідзе рэканструкцыя сістэмы халадагенерацыі. Мантаж халадзільных камер у цэху марозіва вядзецца на Аршанскім малочным камбінаце. Тэхналагічная лінія па перапрацоўцы жывёлы набыта Віцебскім мясакамбінатам. Новае вытворчае абсталяванне закупілі таксама Міёрскі мясакамбінат, ААТ "Аршасырзавод", Лепельскі малочнакансервавы камбінат.
У склад канцэрна ўваходзяць чатыры мясакамбінаты і восем прадпрыемстваў малочнай галіны.-0-