Экспарт рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" у студзені-чэрвені павялічыўся на траціну амаль да $100 млн.

4 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадпрыемствы-рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у студзені-чэрвені павялічылі экспарт тавараў больш чым на 31% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года амаль да $100 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інвестыцыйна-эканамічным упраўленні адміністрацыі СЭЗ.

За шэсць месяцаў тавараабарот СЭЗ "Віцебск" склаў $188,3 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года больш чым на 22%. Станоўчае сальда знешнегандлёвай дзейнасці склалася на ўзроўні $7,6 млн., пры гэтым аб'ём імпарту сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў перавысіў $90 млн., што на 13,6% вышэй за ўзровень 2010 года.

Асноўны аб'ём экспарту (каля 90%) прыпадае на краіны СНД, у тым ліку доля Расіі ў агульным аб'ёме экспартных паставак перавышае 80%. Рэзідэнты СЭЗ ажыццяўляюць знешнегандлёвыя аперацыі таксама з партнёрамі з Германіі, Італіі, Венгрыі, Грузіі, Румыніі, Польшчы, Латвіі і Літвы.

Рэзідэнты СЭЗ прыцягнулі замежныя інвестыцыі на суму каля $14 млн., у тым ліку $9,8 млн. прамых інвестыцый. Больш за 50% ад агульнага аб'ёму прамых інвестыцый склала рэінвесціраванне прыбытку замежных інвестараў у развіццё дзеючых вытворчасцей.

За студзень-чэрвень прадпрыемствы-рэзідэнты асвоілі амаль Br41 млрд. інвестыцый, з якіх больш за 74% (Br30,3 млрд.) накіравана ў асноўны капітал. З улікам асваення сродкаў рэспубліканскага бюджэту на развіццё інфраструктуры СЭЗ "Віцебск" агульны аб'ём укладзеных інвестыцый у асноўны капітал па СЭЗ склаў Br33,3 млрд.

Прадпрыемствы-рэзідэнты ў студзені-чэрвені павялічылі выпуск прадукцыі ў фактычных цэнах больш чым на 54% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усяго выраблена прадукцыі на суму каля Br481 млрд., пры гэтым доля імпартазамяшчальнай прадукцыі склала 52,2% ад агульнага аб'ёму выпуску. Памер чыстага прыбытку рэзідэнтаў перавысіў Br55 млрд., у бюджэт і пазабюджэтныя фонды пералічана Br41,1 млрд. падаткаў, збораў і іншых плацяжоў.

У першым паўгоддзі на прадпрыемствах-рэзідэнтах створана амаль 300 працоўных месцаў, а іх агульная колькасць склала 9 тыс.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 42 інвестыцыйных праекта, у тым ліку сем прадпрыемстваў-рэзідэнтаў зарэгістраваны ў 2011 годзе. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае 12 сектараў агульнай плошчай больш за 2,1 тыс.га, якія размешчаны ў гарадской рысе Віцебска, Пастаў, Оршы, Барані, гарадскога пасёлка Балбасава (Аршанскі раён), а таксама ў Віцебскім раёне.-0-