Экспарт Віцебскай вобласці ў 2010 годзе вырас на 32%
17 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Экспарт Віцебскай вобласці за 2010 год (без уліку нафты і нафтапрадуктаў) вырас у параўнанні з 2009 годам на 32% да $1,5 млрд., імпарт - на 18% да $1 млрд. Сальда знешняга гандлю склалася станоўчае ў памеры $500 млн. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны на брыфінгу, прысвечаным вынікам знешнеэканамічнай дзейнасці рэгіёну за мінулы год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рост экспарту абумоўлены павелічэннем паставак полімераў этылену, шклавалокна, ільняных тканін, пучка і валокнаў сінтэтычных, кіслотных злучэнняў, а таксама прадукцыі мяса-малочнай галіны. Экспарт прадпрыемстваў, якія не маюць ведамаснай падпарадкаванасці, складае звыш 20% экспарту вобласці. За межы рэспублікі пастаўляюцца адзенне, абутак, кабель, швейныя і трыкатажныя вырабы.
Активізацыі знешнегандлёвай дзейнасці спрыяе СЭЗ "Віцебск", якая прыцягвае інвестыцыі ў інавацыйную сферу, навукаёмістыя і высокатэхналагічныя галіны. Доля арганізацый свабоднай эканамічнай зоны ў агульным аб'ёме экспарту вобласці складае больш за 8%.
Гандлёва-эканамічныя адносіны ў мінулым годзе ажыццяўляліся са 100 дзяржавамі свету. Пры гэтым у лік асноўных партнёраў вобласці ўваходзяць Украіна, Казахстан, Кітай, Малдова, Літва, Латвія, Польшча, Германія, Італія, Нідэрланды і Расія. Апошняя ў аб'ёме таваразвароту займае 70,5%.
"За мінулыя два гады нам удалося пашырыць прысутнасць сваіх тавараў у розных рэгіёнах свету, некалькі адысці ад прывязкі да аднаго рынку збыту. У далейшым праца ў гэтым напрамку будзе працягнута", - сказаў Канстанцін Чорны.
Сярод станоўчых тэндэнцый знешнеэканамічнай дзейнасці рэгіёну намеснік старшыні камітэта назваў рост экспарту турыстычных, адукацыйных, аздараўленчых, дзелавых паслуг. Гэтыя сферы маюць велізарны патэнцыял, задзейнічаць які суб'ектам гаспадарання неабходна ў максімальна сціслыя тэрміны, дадаў Канстанцін Чорны.-0-