Экспазіцыя партызанскіх зямлянак, ліст ветэрану: ва Ушачах адкрылі абноўлены музей народнай славы
Ва Ушачах пасля капрамонту і мадэрнізацыі адкрылі будынак музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка.
Ушацкі музей народнай славы заснаваны ў 1968 годзе. Новы будынак, пабудаваны па спецыяльным праекце, аматарам гісторыі быў адкрыты 9 мая 1985 года. Афармленнем фасада будынка займаўся мастак Юрый Любімаў. Аўтарства афармлення вестыбюля належыць мастаку-манументалісту Уладзіміру Крываблоцкаму. На плошчы 320 кв.м размешчана яго манументальны роспіс "У імя жыцця на зямлі", які складаецца з кампазіцый "Фашызму не прайсці", "Хлеб зямлі Ушаччыны", "Вызваленне", "Барацьба за жыццё" і "Крах фашызму". У 1999 годзе ўстанове культуры прысвоена імя легендарнага камандзіра партызанскага злучэння Полацка-Лепельскай партызанскай зоны Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. На працягу апошніх трох гадоў праходзіў капітальны рамонт, і сёння, пасля складанай працы, музей гасцінна прыняў наведвальнікаў.
Ушацкі музей народнай славы па праве называюць сэрцам раёна. У ім размешчаны чатыры экспазіцыйныя залы, якія асвятляюць гісторыю партызанскага руху на Ушаччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, партызанская карцінная галерэя і выставачны зал. У фондах установы культуры сабраны матэрыялы аб гістарычным мінулым раёна, рэвалюцыйных падзеях 1917 года, Грамадзянскай вайне, калектывізацыі, рэпрэсіях 1930-х гадоў, пачатку партызанскага руху ў краі і барацьбе партызан і насельніцтва Ушацкай партызанскай зоны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Госці з іншых раёнаў і з Пскоўскай вобласці змаглі не толькі пабываць на экскурсіі, але і ўбачыць выставачную экспазіцыю партызанскіх зямлянак і партызанскага побыту, паўдзельнічаць у акцыі "Пісьмо ветэрану". А перад пачаткам цырымоніі адкрыцця ў будынку музея можна было наведаць выставу дзіцячых малюнкаў "Ваеннае дзяцінства".
"Мы вельмі рады бачыць, што вы так беражліва захоўваеце памяць аб воінскіх подзвігах сваіх землякоў і перадаеце падрастаючаму пакаленню павагу да гісторыі роднай зямлі", - адзначыла першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емяльянава, уручаючы падарункі ўстанове культуры.-0-