Экспазіцыя ўнікальных топокарт Віцебскай вобласці часоў ВАВ арганізавана музеем М. Шмырова

7 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Экспазіцыя унікальных картаграфічных матэрыялаў Віцебскай вобласці часоў Вялікай Айчыннай вайны арганізавана да Дня Перамогі Віцебскім абласным музеем Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Ірына Шышкова. У экспазіцыі будуць прадстаўлены 11 тапаграфічных карт раёнаў і населеных пунктаў Віцебскай вобласці, датаваных 1923-1942 гадамі. Яны дазваляюць вывучыць размяшчэнне населеных пунктаў на тэрыторыі вобласці, якія былі знішчаны ў гады вайны і не адноўлены ў пасляваенны перыяд. Гістарычныя дакументы таксама ўтрымліваюць звесткі па гісторыі партызанскага руху ў гады вайны, даюць магчымасць прасачыць баявы шлях і месцы дыслакацыі партызанскай брыгады ім. Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола, а таксама 1-й Беларускай і 1-й Віцебскай партызанскіх брыгад. Гэтыя дакументы з асабістага архіва былога камандзіра партызанскай брыгады ім. Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола Данілы Райцава былі перададзены ў дар музею ўдавой былога камбрыга Вольгай Райцавай і ўпершыню выстаўлены для агульнага азнаямлення. Акрамя таго, у экспазіцыю ўвайшлі дакументы з асабістага архіва камбрыга, якія характарызуюць дзейнасць партызанскай брыгады, а таксама дазваляюць прасачыць пасляваенны лёс удзельнікаў партызанскага руху. Брыгада імя Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола была створана ў лістападзе 1942 года на базе атрада пад камандаваннем былога землеўпарадчыка Суражскага раёна Данілы Райцава (1914-1996). Гэты атрад арганізаваны з групы Райцава, якая вяла баявыя дзеянні ў Суражскім, Віцебскім і Гарадоцкім раёнах з ліпеня 1941 года. Брыгада дзейнічала ў Гарадоцкім, Суражскім і Мёрскім раёнах, злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў снежні 1943 года ў складзе трох атрадаў агульнай колькасцю 363 партызана. У пасляваенныя гады Даніла Райцаў каля 30 гадоў узначальваў Віцебскае міжраённае ўпраўленне асушальных меліярацыйных сістэм.-0-