Экспазіцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея стала мабільнай
Абноўленая самастойная экспазіцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея "Памяці патрыётаў Віцебшчыны" стала мабільнай, паведаміла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела ўстановы культуры Надзея Варламава.
Абноўленая самастойная экспазіцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея "Памяці патрыётаў Віцебшчыны" стала мабільнай, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА. загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела ўстановы культуры Надзея Варламава.
Абнаўленне закранула трэцюю экспазіцыю, якая была створана ў 2003 годзе ў гістарычным будынку па вуліцы Крылова. "Прыбралі ўсе вітрыны і дадатковыя прадметы, пакінулі толькі фатаграфіі і надпісы на сценах, што з'яўляецца асноўным эмацыйным фонам, якога дастаткова для экскурсіі ў сутарэнні турмы аператыўнай каманды СД-9 (СД - Sicherheitsdienst, нацысцкая сакрэтная служба бяспекі, разведвальнае ўпраўленне СС), якая ў гады вайны размяшчалася ў Віцебску, - растлумачыла Надзея Варламава. - Цяпер будынак знаходзіцца ў складаным тэхнічным стане, зімой там вельмі цяжка праводзіць экскурсіі з-за холаду і сырасці. Атрымліваецца, што амаль паўгода ўнікальная, адзіная ў Беларусі экспазіцыя закрыта для наведвання".
Вырашыць гэту праблему ўдалося за кошт абсталявання інфармацыйных стэндаў-вітрын. "У летні перыяд экспазіцыя будзе знаходзіцца ў сутарэннях былой турмы СД, а зімой мы будзем яе забіраць і выкарыстоўваць як перасоўную выставу на любых пляцоўках", - падкрэсліла Надзея Варламава. Яна дадала, што ваенная тэма зараз вельмі запатрабавана і ўжо ёсць прапанова аб размяшчэнні перасоўнай экспазіцыі ў Доме кіно.
Абноўленая экспазіцыя стала больш поўнай. "Уся інфармацыя аб СД - надпісы на сценах, якія фіксуюць імёны ці прозвішчы падпольшчыкаў, а таксама іх успаміны, якія захоўваюцца ў нас у фондах, архіве, калекцыях дакументаў розных гадоў. Дадатковымі матэрыяламі экспазіцыі будуць служыць копіі фатаграфій, загады акупацыйных уладаў", - распавяла Надзея Варламава. Экспазіцыя з'яўляецца пляцоўкай для пастаяннай навуковай працы.
Будынак па вуліцы Крылова, 7, у якім зараз знаходзіцца экспазіцыя "Памяці патрыётаў Віцебшчыны", пабудаваны ў 1803 годзе для патрэб народнага вучылішча, у розны час тут размяшчаліся мужчынская гімназія, духоўнае вучылішча, з 1918 года тут працаваў Пралетарскі ўніверсітэт, затым Політэхнічны тэхнікум. У гады вайны ў гэтым будынку размяшчалася нямецкая аператыўная каманда СД-9, якая знаходзілася ў Віцебску з лета 1941 года па снежань 1943. У верхніх паверхах размяшчаліся кабінеты, дзе вяліся катаванні і допыты. Сутарэнні служылі турэмнымі камерамі. Пасля вызвалення Віцебска ў 1944 годзе на сценах камер былі выяўлены надпісы - пасмяротныя пасланні тых, хто загінуў тут. Напярэдадні святкавання 15-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узнікла ідэя стварэння пастаяннай экспазіцыі ў сценах былой турмы СД. Першая экспазіцыя працавала ў 1960-1970 гадах і размяшчалася ў калідорах сутарэння. У ёй былі прадстаўлены фатаграфіі, дакументы і асабістыя рэчы былых вязняў турмы. Другая экспазіцыя - фотадакументальная - была адкрыта ў канцы 70-х гадоў. У сярэдзіне 90-х у сувязі з рамонтам падвальных памяшканняў экспазіцыя была закрыта.
У 2003 годзе была праведзена праца па стварэнні новай (трэцяй) экспазіцыі музея. Яна была максімальна арыентавана на захаванне знешняга выгляду камер і калідора. Былі адноўлены надпісы ў камерах. У кожнай камеры размешчаны планшэты з надпісамі, на кратах - матэрыялы па акупацыйным рэжыме і групе Веры Харужай.
Алена Ціханава