Экспазіцыю цацак у Літаратурным музеі створаць віцябляне

16 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Літаратурны музей Віцебска запрашае гараджан прыняць удзел у фарміраванні выстаўкі "Цацкі нашага дзяцінства", прысвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. Паўдзельнічаць у акцыі могуць усе ахвотныя ад малога да вялікага. Любімыя цацкі віцябчан разам з экспанатамі з фондаў музея зоймуць годнае месца ў агульнай экспазіцыі. Асабліва прывітальна сустракаюцца старыя цацкі мінулых пакаленняў, якія арганізатары акцыі просяць суправадзіць, па магчымасці, фотаздымкамі і апавяданнямі аб іх гісторыі, уладальніках. Разам з тым ніводнай Барбі або "Чалавеку-Павуку" не будзе адмоўлена ва "удзеле", запэўнілі ў музеі. Усе цацкі без конкурснага адбору і абмежавання прымаюцца да 20 мая. Пасля завяршэння выстаўкі яны будуць у цэласці і захаванасці вернуты сваім маленькім і дарослым уладальнікам. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пройдзе 1 чэрвеня. У ходзе прэзентацыі выстаўкі для гараджан, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы экспазіцыі, будуць падрыхтаваны прыемныя сюрпрызы. -0-