Экстрэмальны адпачынак у вяровачным парку прапануюць наведвальнікам Бярэзінскага запаведніка

Экстремальный отдых в веревочном парке предлагают посетителям Березинского заповедника

Экстрэмальны адпачынак у вяровачным парку прапануе сваім наведвальнікам Беразінскі біясферны запаведнік, паведаміў адзін з распрацоўшчыкаў парку, начальнік гасцінічнага комплексу "Плаўна" у запаведніку Сяргей Мароз.

Новы атракцыён з 17 жніўня бягучага года працаваў у тэставым рэжыме па выхадных, а 1 верасня адкрыты афіцыйна і цяпер прымае гасцей у любы дзень тыдня па заяўках.

"Парк знаходзіцца ў лясным масіве побач з гасцінічным комплексам "Сергуч" у вёсцы Домжарыцы. Усе жадаючыя, у першую чаргу адпачывальнікі ў запаведніку, могуць прайсціся на вышыні 4-6 м у кронах дрэў па спецыяльна абсталяваных вісячых мастках, рухомых пераходах, вяровачных пераправах. У Віцебскай вобласці канкурэнтаў у нас няма, таму навінка павінна быць запатрабаванай", - адзначыў Сяргей Мароз.

Аматараў экстрыму чакае маршрут па вяровачнай трасе з узрастаючым узроўнем складанасці, які ўключае 17 этапаў "перашкод". Да 10 этапу траса праходзіць на невялікай вышыні, затым тыя, хто стаміўся або не ўпэўнены ў сваіх сілах, могуць спусціцца па вяроўцы на блок-роліку. Астатнія працягнуць пераадольваць этапы больш высокага ўзроўню складанасці, у канцы якіх іх таксама чакае захапляючы амаль 40-метровы спуск.

Па словах Сяргея Мароза, у атракцыёна ёсць толькі адно абмежаванне - на трасу не дапускаюцца людзі ніжэйшыя за 150 см. Таксама вяровачны парк не будзе працаваць у дрэннае надвор'е, калі ідзе снег або дождж. "Перш чым падняцца на трасу, трэба прайсці інструктаж і невялікі майстар-клас на навучальнай паласе на вышыні 1,5 м - з надзетым рыштункам, страхоўкай, каскамі. На ўсім маршруце сачыць за бяспекай турыстаў і дапамагаць перасоўвацца па вяроўках будуць інструктары", - дадаў суразмоўнік.

У першым паўгоддзі запаведнік наведалі 16,5 тыс. чалавек (на 12% больш, чым за 6 месяцаў мінулага года). У іх ліку былі 3,6 тыс. замежнікаў, каля 70% з іх расіяне, сярод турыстаў былі таксама грамадзяне Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Францыі, Польшчы, Германіі і іншых краін.

Бярэзінскі біясферны запаведнік - найстарэйшы сярод ахоўных аб'ектаў, якія складаюць прыродную спадчыну Беларусі. Ён уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера". Яго прыродны комплекс уключае разнастайныя тыпы паўднёва-таёжных лясоў, балот, поймавых лугоў, азёр і рэк. У запаведніку зарэгістравана больш за 2 тыс. відаў раслін. Склад фаўны налічвае 56 відаў млекакормячых, 230 відаў птушак, 5 відаў паўзуноў, 34 віды рыб.

Кацярына Князева, БЕЛТА.