Экстрэмальны турызм стане візітнай карткай Пастаўскага раёна
— Гэты аб'ект стане выдатным дадаткам да вяровачнага гарадка, які мы адкрылі ў сярэдзіне жніўня, — сказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Спадзяемся, што новае збудаванне для актыўнага адпачынку будзе карыстацца вялікай папулярнасцю. Праўда, выпрабаваць свае сілы тут жыхары і госці нашага раёна змогуць толькі ў цёплы час года.
Зараз у СТК «Азёркі» сезон навагодніх прадстаўленняў і забаў. Для дзяцей і іх бацькоў падрыхтавана шмат сюрпрызаў, у тым ліку арыгінальныя стравы і напоі ў карчме, разнастайныя конкурсы, сувеніры і віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягуркі.
У дзяржаўным аб'яднанні «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», якому належаць «Азёркі», маюць намер прыцягнуць турыстаў з іншых абласцей і краін.
— Наш комплекс размяшчаецца на месцы дзіцячага аздараўленчага лагера, таму плануем пераабсталяваць былыя жылыя карпусы пад гасцініцу і канферэнц-залу, — удакладніў Станіслаў Уладзіміравіч. — Займаемся добраўпарадкаваннем берага возера, якое размяшчаецца побач, каб госці маглі пазагараць і пакупацца.
Ёсць у гаспадароў і іншыя задумкі, якія прыдуцца па густу падарожнікам. Госці пераканаюцца: Пастаўшчына — гэта рай для экстрэмалаў і аматараў актыўнага адпачынку.
Даведка “ВВ”
У вяровачным гарадку СТК «Азёркі» дзве трасы для лёгкага і сярэдняга ўзроўню падрыхтоўкі, скалодром, а таксама «Дзіцячая паляна» для самых маленькіх экстрэмалаў. Ёсць тролей — хуткасны спуск над возерам (160 м у адзін бок), квадра- і гідрацыклы, цір для стральбы з пнеўматыкі. У жніўні-верасні, калі быў пік сезона, арганізатары зарабілі на паслугах 3,5 тыс. руб.