Экзатычныя куры карыстаюцца ўсё большым попытам у беларускіх уладальнікаў сельскіх сядзіб

31 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Экзатычныя куры карыстаюцца ўсё большым попытам у уладальнікаў сельскіх сядзіб. Да такой высновы па выніках продажаў у 2010 годзе прыйшлі ў Віцебскім заапарку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА яго дырэктар Аляксей Андрэйкоў. Заапарк некалькі гадоў таму закупіў кітайскіх шаўкавістых курэй, курэй парод бентамка і брама. Дзякуючы камфортным умовам экзатычныя віды сталі не толькі несціся, але і выседжваць птушанят. У выніку пагалоўе павялічылася, і з'явілася магчымасць атрымаць дадатковы даход ад гандлю. У мінулым годзе заапарк рэалізаваў насельніцтву замежных курэй, карлікавых трусоў, марскіх свінак і хвалістых папугайчыкаў на Br6 млн. І гэта пры тым, што цана на самых дарагіх птушак і жывёл (курэй і трусоў), не перавышае Br50 тыс. Аднак найбольшым попытам карыстаюцца дэкаратыўныя куры. Іх у асноўным купляюць уладальнікі аграэкасядзіб, якія імкнуцца, у тым ліку і з дапамогай незвычайных птушак, прыцягнуць турыстаў. Партыі курэй закупляюць арганізатары сельскага адпачынку з Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Для таго, каб задаволіць попыт, заапарк у бліжэйшы час усталюе інкубатар. З яго дапамогай будуць з'яўляцца на свет не толькі дзіўныя куры, але і замежныя гусі і качкі, развядзеннем якіх заапарк таксама мае намер заняцца. У планах бягучага года рэалізаваць насельніцтву і заамагазінах экзатычных жывёл на Br15 млн. У Віцебскім заапарку ўтрымліваецца звыш паўсотні відаў млекакормячых, птушак, земнаводных і паўзуноў. Колькасць жывёл перавышае 1 тыс. асобін.-0-