Электронныя кірмашы вакансій пройдуць у Наваполацку, Віцебску і Полацкім раёне

На наступным тыдні ў Наваполацку, Віцебску і Полацкім раёне пройдуць электронныя кірмашы вакансій, паведамілі ва ўпраўленнях па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выканкамаў.

Кірмашы пройдуць на сайце e-vacancy.by. У Наваполацку яго арганізуюць 26 мая з 10.00 да 13.00. У ім возьмуць удзел некалькі прадпрыемстваў: НТКУП "Трамвайны парк", Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца, НКУП "ЖРЭА", ДП "Наваполацкая кіруючая кампанія", ААТ "Трэст №16, г. Наваполацк", УП "Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў" і філіял "АТП №6 г. Наваполацка" ААТ "Віцебскаблаўтатранс".

У Віцебску электронны кірмаш адбудзецца 27 мая з 10.00 да 12.00. Шукальнікі працы атрымаюць магчымасць задаць наймальніку цікавыя пытанні, атрымаць электронную кансультацыю, запрашэнне на сумоўе ў рэжыме рэальнага часу. У мерапрыемстве возьмуць удзел сем наймальнікаў Віцебска: Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр, Віцебская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, Віцебскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр, Віцебская абласная інфекцыйная бальніца, УП "Віцебскі футравы камбінат", УП "Галант" і ААТ "Віцебскдрэў".

Таксама кірмаш правядуць у Полацкім раёне. Шукальнікаў запрашаюць на сайт 29 мая з 10.00 да 12.00.

БЕЛТА.