Электронны банк перадавых формаў і метадаў работы з адоранымі дзецьмі ствараецца ў Віцебскай вобласці

16 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Электронны банк даных "Педагагічныя ініцыятывы ў рабоце з адоранымі дзецьмі" плануецца стварыць у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Гэта будзе своеасаблівая метадычная скарбонка ідэй і перадавых распрацовак педагогаў вобласці па выяўленні і развіцці адораных дзяцей. У шматузроўневы банк даных плануецца ўключаць метадычныя распрацоўкі, пачынаючы з дашкольнай адукацыі і заканчваючы формамі і метадамі работы са старэйшымі школьнікамі. Аператыўны доступ да інфармацыі зможа атрымаць кожны педагог, зацікаўлены ў выпрацоўцы індывідуальных адукацыйных маршрутаў для развіцця адораных вучняў. Пошук розных спосабаў канструявання адукацыйнай прасторы, якая стварае ўмовы для праяўлення і развіцця адоранасці дзяцей, з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці педагагічных калектываў і арганізатараў адукацыі вобласці. Стварэнне электроннага банка даных дазволіць актывізаваць прапаганду перадавога вопыту па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў, захаваць пераемнасць у рабоце з адоранымі дзецьмі, уключыўшы ў такую дзейнасць маладых педагогаў, адзначылі спецыялісты. Акрамя таго, праграма базавых курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў вобласці будзе пашырана за кошт уключэння факультатыўных заняткаў, трэнінгаў па методыках і прыёмах фарміравання крэатыўнасці ў навучэнцаў. Абласны інстытут развіцця адукацыі працягне супрацоўніцтва з Адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій па пытаннях выкарыстання ІТ-тэхналогій у рабоце з адоранымі дзецьмі. Для развіцця агульнай і спецыяльнай адоранасці дзяцей у вобласці створана сістэма, якая ўключае сетку дашкольных і профільных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, факультатыўныя заняткі, якімі ахоплена каля 92,2% навучэнцаў, а таксама ўстановы пазашкольнага выхавання, дзе развіваюць таленты і здольнасці больш за 37 тыс. дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, у вобласці дзейнічае 270 навуковых таварыстваў навучэнцаў, ва ўстановах адукацыі працуе 55 узорных самадзейных творчых калектываў.-0-