Электразабеспячэнне пацярпелых ад навальніцы населеных пунктаў Віцебскай вобласці адноўлена
29 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 400 населеных пунктаў Віцебскай вобласці засталіся без электрычнасці 28 ліпеня ў выніку праходжання навальнічнага фронту над некалькімі раёнамі Віцебскай вобласці. Паводле даных на раніцу 29 ліпеня, электразабеспячэнне цалкам адноўлена, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС.
Прыродная стыхія закранула 10 раёнаў вобласці. Акрамя населеных пунктаў, з-за навальніцы і парывістага ветру (да 29 метраў у секунду) абясточанымі апынуліся больш за 70 сельскагаспадарчых аб'ектаў (у тым ліку 50 ферм), а таксама 610 трансфарматарных падстанцый.
Акрамя таго, позна ўвечары ў Воршы з-за прамога траплення маланкі загарэўся жылы дом, у выніку чаго пашкоджаны дах будынка на ўсёй плошчы. З гэтай жа прычыны адбыўся пажар у вёсцы Вазнова Верхнядзвінскага раёна: там цалкам згарэла рубленая лазня, якая належала мясцоваму жыхару.-0-