Электразабеспячэнне ў пацярпелых ад непагадзі населеных пунктах Віцебскай вобласці адноўлена
Электразабеспячэнне ў пацярпелых ад непагадзі населеных пунктах Віцебскай вобласці адноўлена, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РВУП "Віцебскэнерга".
На працягу ўчарашняга вечара і сённяшняй раніцы ў рэгіёне было абясточана 157 населеных пунктаў, 425 трансфарматарных падстанцый, ад насельніцтва пададзена каля 130 заявак аб пашкоджаннях ліній. Па стане на 15.00 16 сакавіка, работы па аднаўленні электразабеспячэння населеных пунктаў завершаны. У працы застаюцца 33 заяўкі ад жыхароў вобласці, выканаць якія плануецца на працягу светлавога дня. У ліквідацыі аварыйных сітуацый задзейнічана 87 брыгад "Віцебскэнерга" агульнай колькасцю 360 чалавек і 113 адзінак тэхнікі.
"Завіруха ў Віцебскай вобласці некалькі сціхла, але ўмовы надвор'я працягваюць заставацца складанымі, таму, цалкам магчыма, новыя адключэнні яшчэ будуць", - падкрэслілі спецыялісты, адзначыўшы, што на барацьбу са стыхіяй мабілізаваны ўсе сілы "Віцебскэнерга", якія гатовыя аператыўна рэагаваць на любыя сітуацыі.
Усяго на ліквідацыю наступстваў непагадзі ў Віцебскай вобласці было прыцягнута звыш 1 тыс. адзінак тэхнікі і больш за 5 тыс. супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў, арганізацый і ведамстваў.