Алена Чычкан стала чэмпіёнкай Еўропы па цяжкай атлетыцы
Член нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы 19-гадовая Алена Чычкан, выхаванка старэйшага трэнера нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь Віктара Шаршукова, на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у г. Тырана (Албанія) у вагавой катэгорыі да 58 кг, заваявала адразу тры залатыя медалі: у практыкаванні ”рывок“ (95 кг) і ”штуршок“ 118 кг, а таксама па суме двух практыкаванняў (213 кг).
У сувязі з чым старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец накіраваў віншавальную тэлеграму заслужанаму трэнеру Рэспублікі Беларусь Віктару Шаршукову і члену нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы Алене Чычкан, у якой, у прыватнасці, гаворыцца:
Паважаныя
Віктар Яўгенавіч і Алена Васільеўна!
Шчыра віншую Вас з бліскучай перамогай на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы. Залаты медаль Алены – першы для беларускай каманды на цяперашніх спаборніцтвах. Гэты поспех з'яўляецца вынікам педагагічнага майстэрства трэнера і ўпартай працы спартсмена.
Ваш талент, Віктар Яўгенавіч, аднаго з лепшых трэнераў Прыдзвінскага краю, дазволіў выхаваць сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў 2004 года ў г. Афіны Ганну Бацюшка, прызёраў і пераможцаў спартыўных першынстваў свету і Еўропы.
Дзякуючы Вам мы заўважылі Алену Чычкан як перспектыўнага цяжкаатлета і ўключылі яе ў лік стыпендыятаў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Шчыра ўдзячны за годнае прадстаўленне Беларусі і Віцебскай вобласці на еўрапейскім спартыўным форуме, праяўленую волю да перамогі і ўменне працаваць на вынік.
Жадаю Вам моцнага здароўя, дабрабыту, удачы і нязменна высокіх спартыўных вынікаў у далейшым!