Алена Мінчукова з Навалукомля стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Сацыяльны педагог года".
20 лістапада, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Алена Мінчукова з Навалукомля стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Сацыяльны педагог года", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Узнагароду ёй уручыў сёння ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" на заключным этапе конкурсу педагагічных работнікаў Беларусі, якія маюць высокія дасягненні ў выхаваўчай рабоце "Сацыяльны педагог года", намеснік міністра адукацыі Барыс Іваноў.
Асноўная мэта конкурсу - развіццё творчасці педагогаў сацыяльных устаноў адукацыі, падтрымка таленавітых і крэатыўных спецыялістаў, распаўсюджванне лепшага сацыяльна-педагагічнага вопыту, новых метадаў у практыцы сацыялізацыі асобы.
Узнагароджваючы лепшых сацыяльных педагогаў Беларусі, Барыс Іваноў адзначыў, што "гэта спецыяльнасць яшчэ досыць новая, ёй не больш за дзесяць гадоў, але сваю неабходнасць сацыяльныя педагогі ўжо даказалі". Канкурсанты, якія прайшлі ў фінал, высока матываваныя менавіта на гэту работу і валодаюць высокай прафесійнай кампетэнтнасцю. "Гэта педагогі-практыкі, якія актыўна займаюцца метадычнай і навукова-даследчай работай, удзельнічаюць у эксперыментальных і інавацыйных праграмах Мінадукацыі", - падкрэсліў намеснік міністра.
Пераможца конкурсу Алена Мінчукова працуе ў сярэдняй школе №2 Навалукомля Чашніцкага раёна. "Значнасць работы сацыяльнага педагога ў апошнія гады стала відавочнай не толькі для кіраўнікоў устаноў адукацыі, але і для бацькоў. Яны паверылі, што могуць даверыць работу са сваімі дзецьмі прафесіяналам, для якіх рэабілітацыя і ўмацаванне сем'яў - асноўны абавязак", - адзначыла яна.
Свой майстэрства на апошнім этапе ў "Зубрэнку" прадэманстравалі 21 лепшы сацыяльны педагог Беларусі. Праграма складалася з конкурсных мерапрыемстваў - "Тэсціраванне", "Самапрэзентацыя", "Абарона праектаў", "Вырашэнне сітуацыі, якая змяшчае сацыяльна-педагагічную праблему". Удзельнікі фіналу таксама правялі адкрытае выхаваўчае мерапрыемства з незнаёмай аўдыторыяй.-0-