Алену Ваенгу не маглі «прагнаць» са сцэны Летняга амфітэатра ў Віцебску

14 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Спявачку Алену Ваенгу, якая напярэдадні давала сольны канцэрт на "Славянскім базары ў Віцебску", арганізатары не маглі "прагнаць" са сцэны, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Выйшаўшы да гледачоў, Алена прывітала ўсіх: тых, хто сядзеў у зале, хто глядзеў на яе з вокнаў бліжэйшых дамоў і тых, хто, па яе выраззе, "вісеў на плоце вакол сцэны". Выканаўца адразу папярэдзіла: канцэрт ніяк не можа доўжыцца запланаваныя два гадзіны. І хай ёй наступае на пяткі знакаміты расійскі хор імя Пятніцкага, які рызыкуе спазніцца на зваротны цягнік з-за затрымкі выступлення, Алена не сыдзе са сцэны да таго часу, пакуль не праспявае для любімых прыхільнікаў усё, што запланавала. "Абяцаю, што наступны мой канцэрт будзе арганізаваны па-іншаму: ён пачнецца не раней дзевяці вечара і будзе працягвацца столькі, колькі вы захочаце", - сказала артыстка. Цэніцелі творчасці Ваенгі ад душы аддзячылі ёй апладысментамі і велізарнай колькасцю кветак - да трэцяй песні на раялі, які стаяў на сцэне, ужо не было куды складаць букеты. Дарэчы, як аказалася, гарачымі прыхільнікамі Ваенгі з'яўляюцца нават самыя маленькія - дзеці нараўне з дарослымі выходзілі на сцэну пагутарыць з артысткай.

Праўда, на канцэрце не абышлося без форс-мажораў: Алена, якая выйшла ў глядзельную залу, нечакана забыла словы песні, якую выконвала, і сумленна прызналася ў гэтым прыхільнікам. Яны не засмуціліся і падтрымалі куміра бурнымі апладысментамі. Натхнёная публікай, Алена дапела да канца.

У выніку выступленне Алены Ваенгі працягнулася тры гадзіны. Прымусіць яе сысці са сцэны не змаглі ні ўгаворы арганізатараў, ні тыя знакі, якія яны рабілі ёй з-за куліс. Выканаўшы лепшыя кампазіцыі са свайго рэпертуару, рускія і беларускія народныя песні, Алена Ваенга сышла рыхтавацца да новага выступлення, вядома, паабяцаўшы неўзабаве вярнуцца да ўдзячнай беларускай публікі.-0-