Элітарны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC адкрыўся ў Віцебску
18 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Элітарны фестываль сучаснай харэаграфіі сёння ў 22-ы раз адкрыўся ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА
Па адзіным меркаванні знаўцаў танца модерн, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) з'яўляецца адным з самых прэстыжных танцавальных фестываляў на тэрыторыі СНД. Разам з выступленнямі вядомых калектываў ён уключае і конкурсную праграму. Па традыцыі міжнародны конкурс чаргуецца з нацыянальным. Сёлета спаборнічаць будуць беларускія харэографы. З 17 прэтэндэнтаў у Віцебск запрошаны 9 калектываў з Мінска, Гродна і Віцебска.
Журы конкурсу ўзначальвае яго нязменны старшыня народны артыст СССР і Беларусі, харэограф, прафесар акадэміі музыкі Беларусі Валянцін Елізар'еў. У склад журы ўвайшлі і такія вядомыя харэографы, як Дзітмар Зэйферт - ганаровы старшыня міжнароднага савета па танцы Cid-UNESCO, дэкан факультэта рэжысуры Берлінскага ўніверсітэта драмы і танца, тройчы ўладальнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска", мастацкі кіраўнік "Эксцэнтрык-Балета" Сяргей Смірнов. Дапамагаць журы будуць члены экспертнага савета на чале з балетным крытыкам, даследчыкам музычнага тэатра, членам журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска" Ларысай Барыкінай.
Конкурсныя спектаклі будуць ацэньвацца ў пяці намінацыях: "Лепшая пастаноўка", "Выканальніцкае майстэрства", "Артыстызм", "Традыцыі і наватарства" і "Постскрыптум". Пераможцу ў апошняй намінацыі журы вызначыць сумесна з членамі экспертнага савета.
Гэтым разам фестываль падорыць гледачам сустрэчы з адной з самых яркіх зорак балета Латвійскай нацыянальнай оперы Ульві Азізавым, Пермскім дзяржаўным тэатрам "Балет Яўгена Панфілава", "Эксцэнтрык-Балетам" Сяргея Смірнова, а таксама калектывамі і танцорамі з Польшчы, Украіны, Эстоніі.
Сталіцу модерн-харэаграфіі, у якую ператвараецца Віцебск у гэтыя дні, не абышоў міжнародны праект Cocoondance, які знаходзіцца на піку сусветнай папулярнасці: гледачы ўбачаць пастаўлены швейцарскім харэографам спектакль "На сустрэчу з тваім ворагам". Прэм'ерныя паказы Пермскага дзяржаўнага тэатра "Балет Яўгена Панфілава" і екацярынбургскага "Эксцэнтрык-Балета" Сяргея Смірнова таксама пройдуць у Віцебску ў дні фестывалю.
Праграма форуму ўключае правядзенне майстар-класаў, кінапаказы. Упершыню арганізатары фестывалю вырашылі прасоўваць беларускую сучасную харэаграфію на міжнародную сцэну і запланавалі сустрэчы беларускіх калектываў з прадстаўнікамі польскай асацыяцыі міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва Artbale, прэстыжнага Дзюсельдорфскага міжнароднага кірмашу танца, Літоўскага цэнтра інфармацыі і сучаснага танца. Сваю працу фестываль завершыць 21 лістапада.
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску праводзіцца з 1987 года. Заснавальнікамі форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Міністэрства культуры, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".-0-