Эмблема і ўласны нагрудны знак з'явяцца ў "Полацкага зямляцтва"

29 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Конкурс на распрацоўку эмблемы і нагруднага знака грамадскага аб'яднання "Полацкае зямляцтва" абвешчаны ў Полацку, расказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама, член Савета зямляцтва Мікалай Ільюшонак. Як падкрэсліў суразмоўнік, эмблема зямляцтва павінна ўвасобіць у сабе гонар за свой родны горад. Гэта асноўнае патрабаванне. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца як прафесійныя мастакі, так і аматары. Эскізы прымаюцца да 5 кастрычніка, затым яны будуць прадстаўлены на разгляд членаў зямляцтва. Грамадскае аб'яднанне было створана ў пачатку бягучага года. У яго ўвайшлі ўраджэнцы Полацка, якія жывуць цяпер не толькі у розных гарадах Беларусі, але і за яе межамі. Сярод членаў зямляцтва ёсць грамадзяне Расіі, Германіі, Ізраіля. Членамі "Полацкага зямляцтва" з'яўляюцца такія вядомыя ў краіне людзі, як паэт Навум Гальпяровіч і мастачка Нінель Шчасная. Сёння зямляцтва налічвае ўжо больш за 200 чалавек. Сваёй галоўнай задачай яго члены лічаць захаванне і прымнажэнне культурнай спадчыны роднай Полацкай зямлі. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі аб гуманітарнай сферы, але і аб эканоміцы, дадаў Мікалай Ільюшонак. Прыцягненне інвестыцый, прасоўванне рэгіёна на турыстычным рынку таксама знаходзяцца ў цэнтры ўвагі землякоў. Цяпер члены таварыства ўключыліся ў гарадскую праграму па добраўпарадкаванні дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак на ўскраінах горада. А першай акцыяй членаў зямляцтва стала закладка "Алеі землякоў". -0-