Энергетыкі працягваюць аднаўляць падачу электраэнергіі ў 37 населеных пунктах Віцебскай вобласці

9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рамонтныя брыгады Віцебскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі "Віцебскэнерга" працягваюць аднаўленчыя работы ў 37 населеных пунктах Віцебскай вобласці, якія пацярпелі сёння ноччу ад урагану "Нікалас", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Ураган, як і прагназавалі сіноптыкі, дасягнуў Віцебскай вобласці ў другой палове дня 8 лютага. Найбольшую шкоду ён нанёс ноччу. Без электрычнасці засталіся 122 населеныя пункты, 16 ферм, пацярпелі 300 трансфарматарных падстанцый і 25 ліній электраперадач. Паводле даных на раніцу 9 лютага, энергазабеспячэнне ў большасці населеных пунктаў адноўлена. Без святла пакуль застаюцца 37 вёсак і пасёлкаў, адна ферма, аднаўленчыя работы працягваюцца на 12 лініях электраперадач і 72 падстанцыях. Энергетыкі спраўляюцца ўласнымі сіламі. Працуюць 43 брыгады - больш за 100 чалавек. Іншых сур'ёзных здарэнняў, прычынай якіх мог стаць "Нікалас", у вобласці не зафіксавана. -0-