"Энергакамплект" асвойвае выпуск імпартазамяшчальных сілавых і вогнеўстойлівых кабеляў
14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Вытворчае аб'яднанне "Энергакамплект" (ТАА "ВА Энергакамплект") прыступіла да асваення экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі - групы сілавых кабеляў напружаннем 110 кВ і безгалогенных вогнестойкіх сілавых кабеляў на напружанне да 1 кВ. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве.
Рэалізацыя праекта па выпуску кабеля напружаннем 110 кВ і асваенне вытворчасці вогнестойкіх безгалогенных кабеляў на напружанне 1 кВ разлічана на 2011-2015 гады. Такім чынам, "Энергакамплект" мае намер выпускаць прынцыпова новы для яго сегмент кабеляў, што дазволіць забяспечыць беларускі рынак прадуктам, які адносіцца да групы імпартазамяшчальных, павялічыць экспартны складнік прадпрыемства з 6% у 2009 годзе да 27% у 2015-м. Чакаецца, што дзякуючы новаму праекту аб'ём вытворчасці прадукцыі ў натуральным выражэнні да 2015 года дасягне 25,7 тыс.км кабеля ў год, што ацэньваецца ў 59,7 млн. еўра. Запланавана, што аб'ёмы вытворчасці сілавога кабеля на 110 кВ у 2015 годзе дасягнуць 180 км, а сілавога безгалогеннага вогнестойкага кабеля на напружанне 1 кВ - больш за 700 км. Толькі ўкараненне ў вытворчасць новых прадуктаў дазволіць прадпрыемству ў 2015 годзе атрымаць 21,58 млн. еўра выручкі.
Па выніках 2010 года аб'ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў больш за Br378,9 млрд. (у 2009 годзе - Br304 млрд.). Экспарт тавараў узрос з $22,4 млн. да $29,4 млн. У асноўны капітал інвеставана Br5,4 млрд. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, па аператыўных даных, склала 14%, чысты прыбытак, па аператыўных даных, перавысіў Br8 млрд.
Вытворчае аб'яднанне "Энергакамплект" арганізавана ў 1997 годзе і з'яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам Беларусі сярод вытворцаў кабельна-правадніковай прадукцыі. На прадпрыемстве заняты больш за 400 кваліфікаваных спецыялістаў і рабочых. З іх 26% - інжынерна-тэхнічны персанал. Наменклатура выпускаемай прадукцыі складае звыш 6500 марка-памераў. У цяперашні час "Энергакамплект" з'яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам кабеляў сярэдняга і высокага напружання 10-110 кВ з ізаляцыяй са зшытага поліэтылену, акрамя таго займае лідзіруючыя пазіцыі ў такіх наменклатурных групах, як провады саманясучыя для паветраных ліній электраперадач, а таксама сілавыя кабелі вялікіх памераў (да 500 мм2) на напружанне да 1000 В. Тэхналагічнае абсталяванне вядомых еўрапейскіх вытворцаў забяспечвае поўны вытворчы цыкл. Яго вытворчая магутнасць складае 3000 т гатовай прадукцыі ў месяц.
Якасць пастаўляемай прадукцыі пацвярджаецца наяўнасцю расійскіх і беларускіх сертыфікатаў на ўсю вырабляемую прадукцыю, сертыфікатаў адпаведнасці сістэме менеджменту якасці згодна з патрабаваннямі СТБ ІSО 9001-2001 і РСТ ІSО 9001-2001, якая дзейнічае на прадпрыемстве з 2004 года. Прадпрыемства мае ўласную лабараторыю, акрэдытаваную на тэхнічную кампетэнтнасць у адпаведнасці з патрабаваннямі стандартаў, і праводзіць усе віды выпрабаванняў кабельнай прадукцыі.
У перыяд з 2006 года прадукцыя прадпрыемства пастаўлялася на экспарт у Чэхію, Славакію, Арменію, Грузію, Казахстан, Афганістан, Латвію, Літву, Польшчу, Малдову. Да стратэгічна важных дзеючых спажыўцоў прадукцыі аб'яднання можна аднесці канцэрн "Белэнерга", Беларускую чыгунку, РУП ВА "Беларуськалій", ААТ "Гродна Азот", ААТ "Нафтан", ААТ "Палімір".-0-