Энергазберажэнне і жаночы бізнес могуць стаць працягам трансгранічнага праекта "Панарама Дзвіна/Даўгава"

19 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ахова навакольнага асяроддзя, энергазберажэнне і малое жаночае прадпрымальніцтва могуць стаць працягам шведска-беларуска-латвійскага турыстычнага праекта "Панорама Дзвіна/Даугава". Такую думку выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА губернатар графства Готланд Андэрс Гранат - шведскі ўдзельнік трансгранічнага праекта. Губернатар прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай вынікам трохбаковага праекта, якая сёння праходзіць у Віцебску. Праект з удзелам вострава Готланд, Даўгаўпілса, Полацка, Віцебска і самага маленькага горада Беларусі - Дзісны, пачаты ў 2005 годзе, завяршаецца ў бягучым годзе. Гаворачы аб яго выніках, губернатар Готланда падкрэсліў, што, зрабіўшы адпраўной кропкай турызм, бакі таксама змаглі наладзіць рэгіянальныя кантакты ў культурнай і адукацыйнай сферах. Дзякуючы "Панораме Дзвіна/Даугава" з'явіўся турыстычны маршрут, у які з беларускага боку ўключаны Браслаўскі, Мёрскі раёны, Полацк і Віцебск. Рэгіён "Панорамы" быў прадстаўлены на найбуйнейшай у Скандынавіі выставе TUR09. Ужо восенню бягучага года ў Беларусь збіраюцца прыехаць каля 50 шведаў. Адукацыйныя кантакты дазволілі наладзіць супрацоўніцтва дзіцячых мастацкіх і агульнаадукацыйных школ Віцебска, Полацка і Вісбю. Агульныя кропкі сутыкнення знайшліся ў педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, у Вісбю, Мёрах і Дзісне. "Трансгранічны праект "Панорама Дзвіна/Даугава" не менш важны, чым інвестыцыйныя праекты, бо ён заклаў фундамент на ўзроўні чалавечых адносін. Гэты праект уяўляе сабой генератыўны працоўны працэс, які мае пачатак, але не канец", - падкрэсліў Андэрс Гранат. Свой працяг "Панорама Дзвіна/Даугава" знойдзе ў сумесным праектах па энергазберажэнні, ахове навакольнага асяроддзя, развіцці жаночага малога прадпрымальніцтва, упэўнены суразмоўца. Паводле яго слоў, у канцы лістапада ў Полацк прыедуць спецыялісты па альтэрнатыўных крыніцах энергіі, каб абмеркаваць магчымасці стварэння ветрапарка ў адным з раёнаў горада. Беларускія прадпрымальнікі атрымалі запрашэнне ў Рыгу на міжнародную канферэнцыю, прысвечаную развіцці малога прадпрымальніцтва ў рэгіёне Балтыйскага мора. Агульныя праблемы з адсутнасцю традыцыйных энерганосьбітаў дазволяць Готланду і рэгіёнам Беларусі рэалізоўваць сумесныя праекты ў біяэнергетыцы, дадаў Андэрс Гранат. -0-